Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла — беларусам да 25 Сакавіка: «Трэба забыцца ўсё, што дзеліць, і аднавіць салідарнасьць»


Івонка Сурвіла, архіўнае фота
Івонка Сурвіла, архіўнае фота

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў перад 106-й гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году і заклікала іх да салідарнасьці і аб'яднаньня перад пагрозай статы незалежнасьці з боку Расеі.

«Дзень 25 Сакавіка стаўся нашым найвялікшым сьвятам, і, нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сьцерці з паверхні Зямлі, народ наш больш як сто гадоў змагаецца, каб адрадзіць свой вольны край», — адзначыла Івонка Сурвіла.

На думку старшыні БНР, цяпер дзяржаўная незалежнасьць, здабытая ў 1991 годзе, «ізноў апынулася пад пагрозаю».

«Усталяваная з дапамогаю Масквы дыктатарская ўлада Лукашэнкі стварыла рэальную пагрозу існаваньню ўжо ня толькі дзяржаве, але і беларускай нацыі. Але беларускі народ змагаецца за сваю будучыню, што яскрава выявілася ў магутным уздыме 2020 году», — адзначыла Івонка Сурвіла.

Паводле яе, Рада БНР хоць і вымушаная была выехаць у эміграцыю, але не спыніла дзейнасьці і ў адпаведнасьці са сваімі паўнамоцтвамі і магчымасьцямі таксама працягвае ўдзельнічаць у «змаганьні з дыктатарскім рэжымам», каб наблізіць час, калі яна зможа «перадаць паўнамоцтвы годнаму ўраду незалежнай дэмакратычнай Беларусі», бо за савецкім часам і падчас кіраўніцтва Лукашэнкі ўрады ў Беларусі «або прызначалі, або абіралі ў выніку фармальных ці сфальшаваных выбараў».

«Сёньня заклікаю кожнага з вас не забывацца пра наш родны край і пра гераізм і ахвярнасьць нашых продкаў, якія ня раз ішлі паміраць, каб жыла Беларусь. Дзякуючы ім мы яшчэ маем край, які мы цяпер мусім бараніць, каб не пакінуць жабракамі — „SANS DOMICILE FIXE“ — нашых дзяцей і ўнукаў.

Няма ў нас большага скарбу, як свая дзяржава. Ня дайце ўзурпатару прадаць яе ворагам ды асіраціць вас. Прыйшоў час, калі сапраўдным беларусам трэба забыцца пра ўсё тое, што іх дзеліць, і аднавіць САЛІДАРНАСЬЦЬ, якая так моцна нам патрэбная, каб выжыць», — заявіла Івонка Сурвіла.

Яна выказала шкадаваньне і сорам у сувязі з тым, што рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь «у вачах вольнага сьвету суагрэсарам суседняга краю», і адзначыла, што абавязак беларусаў цяпер — «даказаць, што народ наш ня хоча вайны!»

Таксама Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з надыходзячым сьвятам, Днём Волі, і скончыла свой зварот словамі: «Жыве вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG