Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць удзельнікаў дэбатаў у Радзе правоў чалавека ААН падтрымала абвінавачаньні на адрас беларускіх уладаў


Сваякі затрыманых падчас пратэсту 9 жніўня прыйшлі да ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, 10 жніўня 2020 году.
Сваякі затрыманых падчас пратэсту 9 жніўня прыйшлі да ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, 10 жніўня 2020 году.

Дэлегацыі Эўразьвязу, 25 дзяржаў, а таксама 11 міжнародных праваабарончых арганізацый падтрымалі даклад вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека «Становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх».

Абмеркаваньне дакумэнту ў інтэрактыўным фармаце адбылося 20 сакавіка на 55-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН (РПЧ).

Прадстаўляючы даклад, дырэктар Упраўленьня палявых апэрацый і тэхнічнага супрацоўніцтва ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) Крыстыян Салязар Фолькман пацьвердзіў наяўнасьць падстаў кваліфікаваць учыненыя беларускімі ўладамі дзеяньні як «злачынствы супраць чалавечнасьці».

Ён падкрэсьліў адсутнасьць супрацоўніцтва беларускага ўраду з офісам спэцдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі і выказаў падзяку незалежным экспэртам, якія падалі інфармацыю для дакладу. Фолькман заклікаў да «поўнага, празрыстага і незалежнага» расьсьледаваньня ўсіх фактаў парушэньня ў Беларусі міжнароднага права, пачынаючы з 2020 году.

Паводле яго слоў, у 2023 годзе ў Беларусі па-ранейшаму фіксаваліся факты парушэньня права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, працягваўся працэс «ліквідацыі незалежнай грамадзянскай супольнасьці». У 2024-м апазыцыйныя партыі не былі дапушчаныя да парлямэнцкіх выбараў. Адсутнасьць магчымасьці правядзеньня свабодных і празрыстых выбараў, адзначыў Фолькман, выклікае «асаблівую заклапочанасьць» у сувязі з маючай адбыцца прэзыдэнцкай кампаніяй 2025 году.

Прадстаўнік УВКПЧ зьвярнуў увагу на такія факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, як пашырэньне прымяненьня «антытэрарыстычнага заканадаўства», працяг перасьледу праваабаронцаў і ўдзельнікаў антыўрадавых выступаў у 2020 годзе, пашырэньне падстаў прымяненьня сілы беларускімі праваахоўнымі органамі, катаваньні і дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў бяз доступу да мэдычнай дапамогі і адсутнасьць доступу да іх, звальненьні з палітычных матываў, парушэньне правоў нацыянальных меншасьцяў, пазбаўленьне беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, права абменьваць нацыянальныя пашпарты, і інш.

Ён заклікаў Беларусь неадкладна вызваліць палітвязьняў і спыніць перасьлед грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і апазыцыі.

У падтрымку дакладу выступілі дэлегацыі Альбаніі, Аўстраліі, Аўстрыі, Баўгарыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Грэцыі, ЗША, Ірляндыі, Кіпру, Ліхтэнштэйну, Люксэмбургу, Малдовы, Мальты, Нямеччыны, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Украіны, Францыі, Харватыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі, Эўразьвязу, а таксама ўсе праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі якіх выступілі.

Не падтрымалі даклад у той ці іншай ступені, заклікаўшы ўстрымацца ад «палітызацыі» пытаньня правоў чалавека, дэлегацыі 19 краін: Азэрбайджану, Бурундзі, Вэнэсуэлы, Ірану, Зымбабвэ, Камбоджы, Кітаю, КНДР, Кубы, Лаосу, Нігеру, Нікарагуа, Расеі, Судану, Сырыі, Таджыкістану, Шры-Лянкі, Эгіпту, Эрытрэі.

З рэзкай крытыкай дакумэнту выступіла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Ларыса Бельская. Сярод іншага яна адзначыла, што выкладзеныя ў дакладзе высновы прадстаўленыя на падставе «зьбеглых з краіны актывістаў», якім не ўдалося «падарваць беларускую дзяржаву праз спробу каляровай рэвалюцыі, удзел у незаконных антыўрадавых акцыях» і сутыкненьнях зь сілавікамі. Цяпер, паводле слоў Бельскай, яны «трансьлююць з-за мяжы экстрэмісцкія заклікі і пляны па зьвяржэньні законнай улады, аж да збройнага канфлікту ў Беларусі».

  • Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі разглядаецца ў рамках 55-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ). Сэсія праходзіць у Жэнэве 26 лютага — 5 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG