Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ноты, якія гучаць у галаве». Польская бібліятэка заклікала далучыцца да акцыі салідарнасьці з Марыяй Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Бібліятэка і фанатэка Інстытуту музыказнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэту заклікала у рамках акцыі салідарнасьці з палітзьняволенай Марыяй Калесьнікавай адправіць ёй у калёнію нотныя аркушы.

«Яна прасіла дасылаць ёй ноты, якія можна сыграць у галаве», — адзначылі арганізатары акцыі.

Марыя Калесьнікава — флейтыстка. Яшчэ ў 2021 годзе сваякі спрабавалі перадаць ёй за краты музычны інструмэнт, аднак турэмшчыкі не дазволілі.

«Мяне накрыла хваляй любові і радасьці пасьля чытаньня лістоў. Хтосьці даслаў у лісьце ноты Моцарта, і гэта супэрыдэя! Мне можна дасылаць ноты, і яны так клясна гучаць у галаве», — пісала Калесьнікава тады, калі лісты ад яе яшчэ даходзілі на волю.

Бібліятэка і фанатэка Інстытуту музыказнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэту заклікала далучыцца да акцыі салідарнасьці з палітзьняволенай і дасылаць ноты ў бібліятэку калёніі.

«Марыя пісала, што сумуе па музыцы, і папрасіла дасылаць ёй ноты, бо тады яна зможа ўявіць іх у галаве. Мы ведаем, што Марыі не дазваляецца граць на інструмэнце, і ні пасылкі, ні грошы ня могуць быць ахвяраваныя. Гэты жэст салідарнасьці мае значэньне», — напісалі арганізатары.

Для ўдзелу ў акцыі салідарнасьці трэба:

  • выбраць любы нотны запіс дома або набыць у музычнай краме;
  • сфатаграфаваць вокладку і канвэрт з адрасам ды апублікаваць у сваіх сацсетках;
  • даслаць ноты на адрас калёніі: Марыі Калеснікавай, ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.
  • Або можна зрабіць ахвяраваньне, і актывісты ўсё зробяць самі ад імя заяўніка.
  • Кіраўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году.
  • Праз год Менскі абласны суд прысудзіў ёй 11 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
  • Пазьней КДБ дадаў Марыю ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
  • У лістападзе 2023 году Марыю Калесьнікаву зьмясьцілі ў ШЫЗА гомельскай жаночай калёніі, адкуль яе даставілі ў хірургічнае аддзяленьне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Там яе праапэравалі з прычыны прабадной язвы і пэрытаніту. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжаньне ў ШЫЗА.
  • Сваякам Марыі Калесьнікавай апошні ліст ад яе прыйшоў 15 лютага 2023 году. Бацьку, які жыве ў Беларусі, бачыцца з Марыяй не даюць.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG