Міністэрства інфармацыі Беларусі асудзіла рашэньне Нацыянальнай рады электронных СМІ Латвіі аб блякаваньні сайтаў тэлеканалу АНТ і «СБ. Беларусь сегодня».
«Ухваленае рашэньне Мінінформ расцэньвае як недапушчальныя дзеяньні, накіраваныя на абмежаваньне свабоды слова і і мэтанакіраванае пазбаўленьне латыскіх грамадзян права на атрыманьне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства інфармацыі Беларусі.
18 сакавіка выданьне латвійскае выданьне delfi.lv паведаміла, што Нацыянальная рада электронных СМІ Латвіі (NEPLP) закрыла доступ да дзевяці сайтаў, якія пашыраюць расейскую прапаганду, у тым ліку да двух беларускіх — ont.by і sb.by.
Гэтае рашэньне ўхвалілі на падставе высноў аб тым, што гэтыя сайты выкарыстоўваюцца для падтрыманьня агрэсіўнай расейскай прапаганды і распаўсюду скажонай і лжывай інфармацыі аб вайне Расеі супраць Украіны, аб ваенных злачынствах Расеі з мэтай іх апраўданьня, а таксама ненавісьніцкіх выказваньняў і інфармацыі, якая дыскрэдытуе Латвію і NATO.
Міністэрства інфармацыі Беларусі пасьля 2020 году закрыла ўсе незалежныя беларускія СМІ, а большасьць іх сайтаў і прадстаўніцтваў у сацыяльных сетках прызнала экстрэмісцкімі. Большасьць рэдакцыяў вымушаны былі зьехаць зь Беларусі і працягваць сваю дзейнасьць за яе межамі.