Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску не хапае амаль 35 тысяч работнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На 1 сакавіка 2024 году дэфіцыт работнікаў на сталічным рынку працы склаў 34,6 тысячы работнікаў — такую колькасьць вакансіяў называе Камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму.

Зь іх 21,6 тысячы прапановаў (62,3% ад агульнай колькасьці) тычацца рабочых прафэсіяў.

Найбольшы недахоп кадраў у наступных сфэрах і прафэсіях:

  • гандаль і грамадзкае харчаваньне (кухар, прадавец, кантралёр-касір, афіцыянт, пасудамыйнік),
  • будаўніцтва (муляр, маляр, тынкар, электрагазазварнік),
  • транспарт (кіроўца аўтамабіля, тралейбуса, пагружальніка, трактарыст),
  • прамысловасьць (апэратар станкоў з праграмным кіраваньнем, сьлесар мэханазборачных работ, сьлесар-рамонтнік, сьлесар-зьбіральнік бытавой тэхнікі, токар, фрэзэроўнік, электрамантэр),
  • жыльлёва-камунальная гаспадарка (работнік комплекснага абслугоўваньня і рамонту будынкаў і збудаваньняў, сьлесар-сантэхнік).

Сярод спэцыялістаў, паводле ведамства, найбольш запатрабаваныя мэдычныя работнікі, спэцыялісты ў сфэры адукацыі і культуры, фінансаў, інжынэрныя работнікі, кіраўнікі арганізацыяў і іх структурных падразьдзелаў і інш.

Адзначаецца, што ў студзені–лютым 2024 году ў органы працы, занятасьці і сацыяльнай абароны ў пошуку працы зьвярнуліся толькі 1 513 чалавек.

  • У 2023 годзе колькасьць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася на 49,5 тысячы чалавек.
  • У Беларусі апошнім часам назіраецца вялікі недахоп кадраў. У агульнарэспубліканскай базе вакансіяў на сёньня амаль 138,5 тысячы абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 12,4 тысячы. Толькі за мінулы тыдзень у базу дадаліся амаль 12 тысяч вакансіяў. Нястача кадраў у Беларусі закранула нават чыноўнікаў.
  • У кастрычніку 2023 году дасьледчы цэнтар Beroc рабіў маніторынг становішча малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Больш за 40% апытаных рэспандэнтаў назвалі «нястачу пэрсаналу» галоўным фактарам, які перашкаджае разьвіцьцю кампаніі. Дэфіцыт кадраў у Беларусі працягвае расьці, найбольш бракуе сьлесараў, дактароў, інжынэраў, будаўнікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG