Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 15 асуджаных, піша ягоная прэс-служба. Прозьвішчы памілаваных у паведамленьні не называюць.
У інфармацыі пазначана, што сярод іх 9 жанчын. З 15 чалавек 11 учынілі злачынствы ў непаўналетнім узросьце.
«Частцы памілаваных прызначанае пакараньне заменена больш мяккім, а астатнім скарочаны неадбыты тэрмін пакараньня».
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс у эфіры БТ удакладніла, што тры з памілаваных жанчын — зь непаўналетнімі дзецьмі.
У Чупрыс таксама спыталі пра асуджаных паводле «пратэставых» артыкулаў. Яна не адказала, ці трапілі яны сёлета пад памілаваньне, але згадала, што ў папярэднія гады такія выпадкі былі.
«У 2021 годзе прэзыдэнтам было прынята рашэньне аб памілаваньні ў дачыненьні да 40% усіх памілаваных, і гэта было па тых асобах, якія зьдзейсьнілі злачынствы так званай пратэставай накіраванасьці. У 2022 годзе ад агульнай колькасьці памілаваных гэтая катэгорыя склала 77%. Ну і ў 2023 годзе, мы ведаем, адзінкавыя выпадкі памілаваньня былі», — сьцьвярджае чыноўніца.
Яна расказала таксама, што амністыя ў 2024 годзе будзе адрозьнівацца тым, што шырока распаўсюдзіцца на непаўналетніх, у тым ліку на асуджаных па наркатычных артыкулах (у тым ліку з абцяжлівымі абставінамі), і на жанчын зь дзецьмі.