Опэра «Дзікае паляваньне караля Стаха» прынесла Беларускаму свабоднаму тэатру намінацыю на Olivier Awards 2024 — найвышэйшую прэмію брытанскага тэатру. Тэатар вылучылі на прэстыжную ўзнагароду ў катэгорыі «Выбітныя дасягненьні ў опэрным мастацтве», паведамляе The Guardian.
Канкурэнцыю Беларускаму свабоднаму тэатру ў намінацыі складаюць:
- Антоніё Папана, брытанскі дырыгент і піяніст італьянскага паходжаньня, музычны кіраўнік Каралеўскага тэатру Ковэнт-Гардэн (Royal Opera House)
- сэрбская мастачка Марына Абрамавіч — за канцэпцыю спэктаклю «7 сьмерцяў Марыі Каляс» у тэатры London Coliseum
Сёлета цырымонія ўзнагароджаньня Olivier Awards –2024 пройдзе ў Каралеўскім Альбэрт-Холе 14 красавіка.
Сусьветная прэм’ера спэктаклю Беларускага свабоднага тэатру «Дзікае паляваньне караля Стаха» адбылася 15 верасьня 2023 году на сцэне лёнданскага тэатру Barbican. Рэжысэрамі спэктаклю выступілі Мікалай Халезін і Натальля Каляда. Музыку да яго напісала кампазытарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч, дырыгент Віталь Алексяёнак, харэографка Марыя Сазонава. Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконвалі ўкраінскія артысты Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна.
Спэктакль сабраў вялікую колькасьць рэцэнзіяў у брытанскай прэсе. Culture Whisper унёс опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў сьпіс найлепшых спэктакляў верасьня 2023 году ў Лёндане.
У чэрвені 2023 году заснавальнікі Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім надалі годнасьць сяброў ордэну Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.