Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэляцыйны суд у Сэрбіі скасаваў рашэньне аб экстрадыцыі беларуса Андрэя Гнёта. Справу разгледзяць наноў


Андрэй Гнёт, архіўная выява
Андрэй Гнёт, архіўная выява

Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне Высокага суду аб экстрадыцыі беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта ў Беларусь, паведамляе тэлеграм-канал DW Беларусь.

Сваё рашэньне Апэляцыйны суд патлумачыў тым, што ня ўсе акалічнасьці, на падставе якіх было вынесенае рашэньне аб экстрадыцыі, былі дасьледаваныя. Акрамя таго, Гнёту не далі слова падчас першага працэсу.

Як патлумачыла @dw_belarus дарадца Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр, Апэляцыйны суд адмяніў рашэньне суду першай інстанцыі, але не адмяніў саму экстрадыцыю, накіраваўшы справу на новы разгляд.

Новае слуханьне па справе прызначанае на 26 сакавіка.

Пры гэтым суд працягнуў тэрмін утрыманьня Андрэя Гнёта пад вартай яшчэ на 60 дзён.

  • Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысэр і палітычны актывіст.
  • Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён у Бялградзе пад вартай.
  • Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах сьледам за прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.
  • У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
  • Паводле рашэньня суду ў Сэрбіі, «усе законныя патрабаваньні выкананыя», яму пагражае экстрадыцыя ў Беларусь. Канчатковае рашэньне чакаецца ў сакавіку.
  • У канцы лютага Інтэрпол часова заблякаваў у сваёй базе доступ да зьвестак рэжысэра Андрэя Гнёта. Гэта азначае, што краіны-сябры Інтэрполу (у тым ліку Беларусь) ня будуць мець доступу да дадзеных рэжысэра, зарэгістраваных у базе арганізацыі, пакуль не завершыцца праверка. Яна павінна высьветліць, наколькі пададзеная беларускімі сілавікамі інфармацыя адпавядае правілам і палажэньням Інтэрполу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG