Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «страшны монстар» NATO ператварыўся ў абаронцу незалежнасьці Ўкраіны


Швэдзкі сьцяг узьнялі ля штаб-кватэры NATO ў Брусэлі. 11 сакавіка 2024
Швэдзкі сьцяг узьнялі ля штаб-кватэры NATO ў Брусэлі. 11 сакавіка 2024

У выніку агрэсіі Расеі супраць Украіны Паўночнаатлянтычны альянс умацаваў сваю ролю і місію ў сыстэме міжнародных адносінаў, зь якімі ня мог канчаткова вызначыцца цягам апошняй чвэрці стагодзьдзя.

Дакладней, місія знайшлася сама. Цяпер асноўнай задачай NATO стала супрацьдзеяньне агрэсіўнай палітыцы Расеі. Альянс вярнуўся да той функцыі, дзеля якой калісьці быў створаны.

Сьцісла:

  • З самага пачатку працэс пашырэньня NATO на ўсход выявіўся канфліктным. Яму пярэчыла Расея.
  • Масква адмаўляе суб’ектнасьць краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Маўляў, лёс народаў гэтага рэгіёну павінны вырашаць «вялікія дзяржавы».
  • Пасьля заканчэньня халоднай вайны, зьнікненьня савецкай пагрозы NATO доўга шукала новую місію.
  • Лукашэнка з самага пачатку свайго прэзыдэнцтва заняў значна больш радыкальную пазыцыю наконт пашырэньня NATO на ўсход, чым Расея.
  • Джо Байдэн: «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю».

25 гадоў таму адбылася падзея, якая ўвайшла ў гісторыю як «чацьвёртае пашырэньне NATO». Да Паўночнаатлянтычнага альянсу далучыліся Вугоршчына, Польшча і Чэхія. Гэта было першае пашырэньне NATO на ўсход пасьля заканчэньня халоднай вайны. Потым, яшчэ празь пяць гадоў, у 2004-м, адбылося «пятае пашырэньне», у выніку якога чальцамі альянсу сталі Баўгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славаччына, Славенія і Эстонія.

З самага пачатку працэс пашырэньня NATO на ўсход выявіўся канфліктным. Яму пярэчыла Расея. І аргумэнт выстаўляла своеасаблівы. Маўляў, калі СССР пагадзіўся на аб’яднаньне Нямеччыны, то заходнія лідэры нібыта абяцалі тагачаснаму савецкаму кіраўніку Міхаілу Гарбачову, што NATO ня будзе пашырацца на ўсход за кошт былых сатэлітаў Масквы. Расейскія прапагандысты дасюль выкарыстоўваюць гэтую тэзу: маўляў, вось якія падступныя гэтыя заходнікі, падманулі.

Галоўная загана такіх аргумэнтаў у тым, што яны адмаўляюць суб’ектнасьць краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы. Маўляў, лёс народаў гэтага рэгіёну павінны вырашаць «вялікія дзяржавы» кшталту Расеі. А самі яны ня маюць ані права голасу, ані волі для самастойных рашэньняў. Прыкладна такая лёгіка ляжыць у аснове агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая, маўляў, мела нахабства захацець у ЭЗ і NATO.

У адказ на такія аргумэнты заходнія палітыкі казалі, што рэагуюць на жаданьні народаў краін рэгіёну. Маўляў, а вы ўгаварыце лідэраў краін Балтыі ці Польшчы не ўступаць у NATO, няхай бы яны ўступілі, напрыклад, у АДКБ, мы ня супраць. Аднак Расеі ўдалося «ўгаварыць» толькі Беларусь.

Варта адзначыць, што тагачасны пратэст Расеі супраць двух раўндаў пашырэньня NATO на ўсход быў даволі млявы. Такая стрыманасьць тлумачылася дзьвюма прычынамі.

Па-першае, у 1990–2000-я гады Расея імкнулася інтэгравацца ў заходнюю супольнасьць, разглядала краіны ЭЗ і ЗША як партнэраў. РФ нават была прынятая у G8. Таму пашырэньне NATO яна не разглядала як вялікую небясьпеку.

Па-другое, пасьля заканчэньня халоднай вайны моцна памяняўся сам блёк NATO. Рэч у тым, што Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы ёсьць натуральным прадуктам пэўнай гістарычнай эпохі. Яе стваралі дзеля супрацьдзеяньня савецкай пагрозе. Сфармаваны ў 1949 годзе альянс цягам амаль 40 гадоў супрацьстаяў іншаму вайскова-палітычнаму блёку — Арганізацыі Варшаўскай дамовы.

Новая гістарычная эпоха, што настала з пачатку 1990-х гг., на ўвесь рост паставіла праблему далейшага лёсу NATO. Тая задача, дзеля якой блёк ствараўся (супраць пагрозы ад СССР), зьнікла. Паўстала пытаньне аб новай місіі альянсу ў новых міжнародных умовах.

Вядома, што інстытут, створаны для вырашэньня адной задачы, вельмі цяжка пераарыентаваць на рашэньне іншых праблемаў. Асабліва калі ідзецца пра такую вялікую, складаную, аброслую бюракратычным апаратам міжнародную арганізацыю.

Эвалюцыя функцыяў і місіі NATO адбывалася цяжка. Былі сфармуляваны новыя задачы: процідзеяньне тэрарызму і іншым «асымэтрычным пагрозам», захаваньне стабільнасьці ў сьвеце, урэгуляваньне крызысаў. То бок, калі казаць груба, функцыя міжнароднага паліцыянта. Краіны — чальцы арганізацыі рэзка зьменшылі выдаткі на абарону.

Падчас першага міжнароднага крызісу пасьля сканчэньня халоднай вайны — косаўскага (1999 г.) — гэты вайскова-палітычны зьвяз выступіў як скансалідаваная сіла. Але ўжо у наступных крызісах Вашынгтон паказаў, што можа абыходзіцца і бяз NATO. Сваю антытэрарыстычную апэрацыю ў Афганістане ў 2001 г. ЗША правялі па-за рамкамі Паўночнаатлянтычнага альянсу, хоць і пры яго салідарнай падтрымцы. У ходзе той кампаніі для Злучаных Штатаў ці не важнейшая была падтрымка Расеі, дзяржаваў Цэнтральнай Азіі, чым эўрапейскіх хаўрусьнікаў.

А ў пэрыяд Ірацкай вайны 2003 году NATO ўвогуле раскалолася. Зьвернем увагу, што не Расея ці Кітай, а Францыя і, збольшага, Нямеччына аказаліся галоўнымі праціўнікамі амэрыканскай ваеннай апэрацыі ў Іраку.

Да таго ж рост колькасьці чальцоў альянсу прывёў хутчэй да яго аслабленьня. Рашэньні ў NATO прымаюцца кансэнсусам, і зьявіліся новыя цяжкасьці з узгадненьнем пазыцыяў. Экспэрты сталі казаць, што цяпер гэта «гігант на гліняных нагах», «папяровы тыгр». І таксама з гэтай прычыны Расея даволі спакойна ўспрыняла пашырэньне альянсу на ўсход, уступленьне ў яго краінаў Балтыі.

А вось Аляксандар Лукашэнка з самага пачатку свайго прэзыдэнцтва заняў значна больш радыкальную пазыцыю што да пашырэньня NATO на ўсход. Ён тады марыў захапіць крамлёўскі пасад у працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі, арыентаваўся на левы, антызаходні электарат у Расеі, таму крытыкаваў прэзыдэнта РФ Барыса Ельцына за згодніцтва з палітыкай ЗША і Эўропы. Тэза аб пагрозе Беларусі з боку Паўночнаатлянтычнага альянсу была адной з галоўных канструкцыяў замежнай палітыкі краіны зь першых гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Ён ня раз называў Паўночнаатлянтычны альянс «агрэсіўным блёкам», казаў:

  • «Мы ня можам спакойна назіраць за набліжэньнем гэтага страшнага монстра да межаў нашай сінявокай Беларусі»;
  • «Я катэгарычна выступаю супраць пашырэньня NATO».
  • Лукашэнка стаў заклікаць Расею даць адпор «агрэсарам»: «Мы павінны супрацьстаяць сумесна магутнай гідры, якая аблытвае ўвесь сьвет, — называйце яе NATO або заакіянская дзяржава».

Агрэсія Расеі супраць Украіны прынцыпова ўсё памяняла. Працэс перамен у NATO пачаўся яшчэ пасьля захопу Крыму, а завяршыўся 24 лютага 2022 году. У выніку альянс знайшоў сваю місію, нішу ў сыстэме міжнародных адносінаў, якую доўга шукаў — цягам чвэрці стагодзьдзя. Дакладней, яна знайшлася сама. Цяпер асноўнай задачай NATO стала супрацьдзеяньне агрэсіўнай палітыцы Расеі. І ня трэба нічога прыдумляць. Тут Пуцін моцна дапамог Захаду. Альянс вярнуўся да свайго пачатку, да функцыі, дзеля якой ён быў створаны. Такая вось дзіўная гістарычная сьпіраль.

Варта нагадаць, што перад нападам на Ўкраіну Расея выставіла Захаду ўльтыматум: NATO павінна вярнуцца да межаў 1997 году, то бок адмовіцца ад чацьвёртага і пятага пашырэньня. Крэмль добра разумеў, што ягоная ўмова невыканальная, ён сьвядома яе выставіў, каб мець падставу для вайны.

Аднак для Расеі нешта пайшло ня так. Вельмі дакладна папярэдні вынік вайны сфармуляваў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн: «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю Фінляндыі». У NATO ўступілі Фінляндыя і Швэцыя, на парадку дня — далучэньне Ўкраіны.

Пасьля 2020 году Лукашэнка рэгулярна заяўляе пра пагрозу з боку NATO. Аднак ад частага паўтарэньня ўсе гэтыя перасьцярогі моцна дэвальваваліся, сталі проста дзяжурнай рыторыкай, якая, здаецца, ужо мала каго палохае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG