Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Латушка абмеркаваў зь віцэ-маршалкам Сэнату Польшчы падтрымку незалежных беларускіх СМІ


Павел Латушка і віцэ-маршалак Сэнату Польшчы Міхал Камінскі. Скрыншот відэа з Інстаграму Паўла Латушкі.
Павел Латушка і віцэ-маршалак Сэнату Польшчы Міхал Камінскі. Скрыншот відэа з Інстаграму Паўла Латушкі.

У Варшаве адбылася сустрэча намесьніка старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушкі зь віцэ-маршалкам верхняй палаты парлямэнту Польшчы Міхалам Камінскім.

На сустрэчы была дасягнутая дамоўленасьць аб правядзеньні ў Сэнаце Польшчы слуханьняў пра адказнасьць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасьці.

Латушка адзначыў важнасьць працягу фінансавай падтрымкі тэлеканалу «Белсат» «як ключавога СМІ, які даносіць аб’ектыўную інфармацыю аб рэальнай сытуацыі ў Беларусі. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале палітыка.

Камінскі «пагадзіўся падтрымаць падчас сваіх сустрэч падыход аб важнасьці далейшай падтрымкі тэлеканалу і незалежных беларускіх СМІ ў цэлым».

У сувязі з прынятай Сэймам Польшчы рэзалюцыяй з прапановай у адрас Эўракамісіі забараніць імпарт харчовых тавараў з РФ і Беларусі кіраўнік НАУ ініцыяваў абмеркаваньне «пытаньня значнага росту экспарту ў Беларусь з Польшчы тавараў у 2023 годзе, што зьвязана з неэфэктыўнай санкцыйнай палітыкай Эўразьвязу адносна Расеі і рэжыму Лукашэнкі, якая стварыла перадумовы і ўмовы для свабоднага абыходу ўведзеных санкцыяў ЭЗ за агрэсію супраць Украіны».

Таксама беларускі палітык адзначыў важнасьць падтрымкі беларускага грамадзтва з боку Польшчы ў сувязі з закрыцьцём пунктаў пропуску на мяжы Беларусі зь Літвой.

«Не перастану падтрымліваць беларускае грамадзтва, якое імкнецца да дэмакратыі і свабоды. Можаце разглядаць мяне ў якасьці вашага пастаяннага саюзьніка», — заявіў Камінскі.

  • 8 сакавіка Дырэктарка тэлеканалу каналу «Белсат»Агнешка Рамашэўская-Гузы паведаміла, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканалу «Белсат». Так вынікае з дакумэнту, які апублікавала МЗС Польшчы. Агнешка Рамашэўская-Гузы называе гэта «фактычнай ліквідацыяй» Белсату. У інтэрвію Свабодзе яна растлумачыла, што адбываецца.
  • Ужо 16 гадоў тэлеканал «Белсат» фінансуецца праз адзін з дэпартамэнтаў Міністэрства замежных справаў. Штогод гэты дэпартамэнт публікуе плян разьвіцьця, у якім запісаны і бюджэт. Апошні быў апублікаваны ўвечары 7-га сакавіка і даступны ў інтэрнэце. На 34-й старонцы расьпісаныя выдаткі на 2024 год і пазначаная меншая, чым раней, сума для тэлеканалу «Белсат», кажа Рамашэўская.
  • «Гэты дакумэнт падпісаны міністрам замежных справаў, адсюль я раблю выснову, што гэта сума нашага бюджэту. Для тэлевізіі „Белсат“ там прадугледжана 40 мільёнаў злотых (летась 63 мільёны). Розьніца — амаль 6 мільёнаў даляраў. Раней кіраўніцтва „Белсату“ штогод запрашалі ў МЗС і мы дыскутавалі пра кірунак нашага разьвіцьця. Сёлета такой сустрэчы не было. Мне паведамілі, што нехта з Польскай тэлевізіі такія размовы вядзе, але хто — ня ведаю. Таму я ня ведаю дэталяў, бо са мной практычна ніхто не размаўляе. А новыя ўлады тэлевізіі ня ў курсе, як мы працуем, бо яны толькі прыйшлі», — сказала дырэктарка «Белсату» ў інтэрвію Радыё Свабодзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG