Менскі гарадзкі суд 19 сакавіка разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя недзяржаўнага тэлебачаньня» (БАНТ), вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва, паведамляе «Позірк».
Судзьдзя Алена Шэмет пачне працэс у 10:00.
Беларуская асацыяцыя недзяржаўнага тэлебачаньня зарэгістраваная 13 сьнежня 1993 году (прайшла перарэгістрацыю ў 1999-ым), вынікае са зьвестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізацыя стваралася для каардынацыі незалежных тэлекампаній, прапаноўвала паслугі па вытворчасьці камэрцыйнай і сацыяльнай відэапрадукцыі вяшчальнікам у Беларусі і Расеі.
У дзень працэсу па ліквідацыі БАНТ Менскі гарадзкі суд разгледзіць яшчэ тры аналягічныя пазовы Мінюста — аб ліквідацыі
- грамадзкага аб’яднаньня «Адкрытае грамадзтва» (11:00, судзьдзя Іна Ялавая),
- Беларускага рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня выкладчыкаў нямецкай мовы (12:00, судзьдзя Юры Шастакоў),
- Асацыяцыі выпускнікоў інстытуту дзяржаўнай службы (15:00, судзьдзя Алена Пруднікава).
Адметна, што ГА «Адкрытае грамадзтва», зарэгістраванае 22 кастрычніка 1993 году, да верасьня 1999-га называлася «Фонд «Адкрытае грамадзтва». Пад такой жа назвай з 1993 году фінансіст і філянтроп Джордж Сорас разьвіваў у многіх краінах свьету сетку арганізацый па падтрымцы грамадзянскай супольнасьці.
Аб’яднаньне выкладчыкаў нямецкай мовы існуе з 5 жніўня 2005 году, Асацыяцыя выпускнікоў інстытута дзяржаўнай службы (інстытут зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Акадэміі кіраваньня) — з 28 студзеня 2009 году.
- У 2023 годзе Міністэрства юстыцыі правяло «кантрольныя мерапрыемствы» ў дачыненьні да больш чым тысячы грамадзкіх аб’яднаньняў. Паводле ведамства, у выніку праверак 410 некамэрцыйным арганізацыям вынесьлі пісьмовыя папярэджаньні. На падставе пазоваў Міністэрства юстыцыі суды ліквідавалі 11 палітычных партый, 107 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2 фонды.
- Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на канец лютага 2024 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася сама меней 981 некамэрцыйная арганізацыі , рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі яшчэ сама меней 582 арганізацыі. Праваабаронцы адзначаюць, што рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на чальцоў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.
- Агулам грамадзкі сэктар Беларусі, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1563 некамэрцыйныя арганізацыі (грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі).