Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган заявіў, што Турэччына гатовая прыняць у сябе расейска-ўкраінскі саміт. Зяленскі адказаў


Уладзімір Зяленскі і Рэджэп Эрдаган
Уладзімір Зяленскі і Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнты Ўкраіны і Турэччыны Ўладзімір Зяленскі і Рэджэп Эрдаган выказалі розныя падыходы да пытаньня ўдзелу Расеі ў перамовах аб завяршэньні вайны падчас прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоваў у Стамбуле 8 сакавіка.

Рэджэп Эрдаган заявіў, што Турэччына гатовая правесьці ў сябе саміт паміж Украінай і Расеяй з мэтай завяршэньня вайны.

«Мы гатовыя прымаць мірны саміт, да якога будзе прыцягнутая і Расея», — сказаў Эрдаган.

Руская служба ВВС прыводзіць словы Зяленскага пра тое, што ён і Эрдаган шмат гаварылі пра ўкраінскую «формулу міру» — прапанаваны раней Кіевам плян дзеяньняў. Зяленскі адзначыў, што праінфармаваў Эрдагана пра падрыхтоўку інаўгурацыйнага Саміту міру на ўзроўні лідэраў, які арганізуецца ў Швайцарыі, і што Расею не плянуюць на яго запрашаць.

«Мы ня бачым прадстаўнікоў Расеі на гэтым саміце. Мы ня бачым, як могуць запрашаць людзей, якія ўсё блякуюць, разбураюць і забіваюць. Мы хочам атрымаць вынік. Вынік справядлівага міру і менавіта справядлівага для Ўкраіны», — цытуе Зяленскага ВВС.

Па словах Зяленскага, якія цытуе Reuters, расейскага прадстаўніка могуць запрасіць на наступную сустрэчу пасьля таго, як дарожная мірная карта пройдзе абмеркаваньне і ўзгадненьне з саюзьнікамі Украіны ў Швайцарыі.

  • У лютым паведамлялі, што Ўкраіна зьбіраецца запрасіць на глябальны Саміт міру ў Швайцарыі прадстаўнікоў больш за 160 краінаў і што Расея ў лік запрошаных ня ўвойдзе.
  • Расейскія ўлады называюць украінскую «формулу міру» непрымальнай — апроч іншага плян Кіева прадугледжвае вывад расейскіх войскаў з усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны. У Маскве таксама падкрэсьліваюць, што абмеркаваньні плянаў па Ўкраіне без удзелу расейскіх прадстаўнікоў ні да чаго не прывядуць.
  • Прыезд Зяленскага ў Стамбул папярэднічае чаканаму візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Гэтая паездка, паводле зьвестак Крамля, адбудзецца пасьля расейскіх выбараў у сярэдзіне сакавіка. Турцыя — сябра NATO і ня раз заяўляла, што выступае за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Пры гэтым Анкара падтрымлівае цёплыя адносіны з Масквой і рэгулярна мае кантакты ня толькі з украінскім кіраўніцтвам, але і з расейскімі афіцыйнымі асобамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG