Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейская актывістка Мірсалімава ў Віцебску адседзела двое сутак у ізалятары і расказала пра ўражаньні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Віцебская прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава адседзела двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за перадрук паста расейскага прапагандыста Ўладлена Татарскага, які загінуў у Санкт-Пецярбургу.

У сваіх сацыяльных сетках Мірсалімава падзяліся ўражаньнямі ад знаходжаньня ў ІЧУ.

У жанчыны трое непаўналетніх дзяцей (у тым ліку дзіця-інвалід), але, нягледзячы на гэта, яе затрымалі.

«Супрацоўнік дазволіў патэлефанаваць родным, каб усё ж мне прывезьлі неабходныя рэчы. З таго, што мне прывезьлі, дазволілі ўзяць толькі камізэльку, пракладкі і зубную пасту са шчоткай (усім гэтым потым дзялілася з сукамэрніцамі, ім ня так пашанцавала мець гэтыя рэчы ў ізалятары: для перадач «палітычным» дазволеныя толькі лекі).

Пасьля допыту яе адправілі ў ізалятар. Актывістка піша, што яе да 3 гадзіны ночы трымалі ў кайданках за сьпінаю ў цеснай міліцэйскай машыне.

«Да гэтага часу не аднавілася адчувальнасьць скуры на адной руцэ», — адзначае яна.

У камэры, куды яна трапіла, усе аказаліся «палітычнымі».

«За падпіскі на каналы, паводле іх слоў. Мне дасталася верхняя „шконка“, мэталічны каркас без матраца і падушкі: адна з жанчын з-за боляў у сьпіне магла спаць толькі седзячы на падлозе. Аказалася, „палітычным“ ствараліся максымальна „ўтульныя ўмовы“. Прынцыповы момант „народнага адзінства“», — адзначыла Мірсалімава.

Яна апісала рэжым утрыманьня ў ІЧУ:

«Пад’ём наступіў хутка. За ноч двойчы паднімалі. Усе праверкі ў „палітычных“, у адрозьненьне ад іншых затрыманых, — выключна ў кайданках. Нанова знаёміліся, называлі прозьвішчы для тых, хто забыўся. Хлопчыкі-канваіры ж таксама „сядзяць“, толькі зь іншага боку кратаў, ім таксама трэба неяк забаўляцца».

Потым актывістку перавялі ў больш прасторную камэру, дзе яна сутыкнулася, як яна напісала, «з бамжыхай у абасцаным футры і з гнілымі нагамі (супрацоўнікі перад праверкай нашай камэры жартавалі: „а цяпер закрываем насы“). Не палітычная. Звычайная забулдыга. Але таксама без матраца, які ўжо ёй напэўна належаўся. Такім чынам, чатыры жанчыны 25, 42, 62 і 65 гадоў спалі ў смуродзе, холадзе (мы самі адчынялі фортку), на мэталічных шконках без матраца, накрыўшыся курткамі. У „камфорце“ зьнявагі і пагарды. Мая малодшая дачка, убачыўшы мяне ў судзе ў кайданках, прахварэла тыдзень».

Суд над прарасейскай актывісткай адбыўся 28 лютага. Яе абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і ў прапагандзе нацысцкай сымболікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG