Мігранты, якія незаконна трапілі зь Беларусі ў ЭЗ, паскардзіліся ў Эўрапейскі суд у правах чалавека на Літву, Латвію і Польшчу

Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы. Архіўнае фота
Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы. Архіўнае фота

Ува ўсіх заявах у розных фармулёўках напісана, што памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы паддавалі мігрантаў рызыцы, бо без вывучэньня асабістых справаў вярталі іх у Беларусь, якую нельга лічыць бясьпечнай.

Эўрапейскі суд у правах чалавека разглядае некалькі справаў супраць урадаў Літвы, Латвіі і Польшчы, заведзеных на падставе заяваў мігрантаў з Іраку, Сырыі, Афганістану і Гвінэі за адмову даць прытулак і высылку на тэрыторыю Беларусі.

Цяпер усе гэтыя справы знаходзяцца на стадыі камунікацыі з нацыянальнымі ўрадамі.

У прыватнасьці, з урадам Латвіі судзяцца пяць грамадзян Сырыі, якія пешшу ў канцы 2022-га і пачатку 2023 году перайшлі мяжу ў Латвію, і ў тыя ж дні іх «гвалтоўна адціснулі ў Беларусь, якая не была бясьпечнай трэцяй краінай, або адвезьлі ў вялікі намёт на тэрыторыі Латвіі, дазволілі застацца там на ноч, а на наступны дзень выштурхнулі назад у Беларусь». У сваіх заявах грамадзяне Сырыі адзначалі, што латвійскія ўлады на той момант не рэгістравалі і не разглядалі іхных заяваў аб прытулку, хоць у лягеры для мігрантаў узялі адбіткі пальцаў.

На гвалт ад уладаў Латвіі пры перасячэньні мяжы з боку Беларусі скардзіцца грамадзянін Гвінэі, які цяпер знаходзіцца ў лягеры для мігрантаў у Даўгаўпілсе і змог падаць заяву аб міжнароднай абароне.

Скаргу на ўрад Літвы падалі пяць грамадзян Афганістану, сярод якіх два школьнікі, адзін журналіст і два настаўнікі ангельскай мовы. Яны сьцьвярджаюць, што ў жніўні 2021 году ўцяклі з Афганістану, ад перасьледу талібаў, у Расею, а адтуль у Беларусь на мяжу зь Літвой.

«Яны некалькі разоў спрабавалі перасекчы беларуска-літоўскую мяжу пешшу, але кожны раз літоўскія памежнікі адціскалі іх на тэрыторыю Беларусі, не даючы ім магчымасьці падаць заяву на прытулак. Пасьля адмовы ва ўезьдзе ў Літву заяўнікі засталіся ў лесе каля мяжы, баючыся жорсткага абыходжаньня з боку беларускіх памежнікаў. Ім было холадна і не хапала ежы», — адзначаецца ў дакумэнце.

Датычна гэтых грамадзян Эўрапейскі суд у правах чалавека вынес рашэньне аб часовых мерах і забараніў уладам Літвы іх дэпартаваць у Беларусь. Аднак, нягледзячы на гэта, афганцаў усё роўна вывезьлі ў Беларусь, дзе іх неўзабаве затрымалі беларускія памежнікі. Тыя іх дапыталі і зноў адправілі на літоўскую тэрыторыю. Цяпер яны таксама знаходзяцца ў лягеры для мігрантаў.

З пазовам супраць Польшчы зьвярнуліся шэсьць грамадзян Іраку, якія таксама перайшлі мяжу з боку Беларусі. Аднаго зь іх, як паведамляецца ў дакумэнце, беларускія ўлады пасьля няўдалай спробы перайсьці мяжу вярнулі ў Ірак — яго польскія памежнікі 20 разоў вярталі ў Беларусь.

Ува ўсіх заявах у розных фармулёўках адзначаецца, што памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы паддавалі мігрантаў рызыкам, бо вярталі іх без вывучэньня асабістых справаў у Беларусь, якую нельга лічыць бясьпечнай.

Цяпер Эўрапейскі суд у правах чалавека чакае адказаў ад урадаў Латвіі, Польшчы і Літвы на пытаньні, у тым ліку аб парушэньні правоў мігрантаў на падачу заявы аб прытулку ці міжнароднай абароне, аб беспадстаўнай дэпартацыі, жорсткім абыходжаньні з боку эўрапейскіх памежнікаў, аб катаваньнях у выпадку вяртаньня ў Беларусь, а таксама аб браку доступу да ежы, вады і мэдычнай дапамогі.

Агульная колькасьць такіх справаў невядомая.

​
XS
SM
MD
LG