Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін карабель гарыць пасьля нападу хусітаў каля берагоў Емэну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ адно грузавое судна стала ахвяраў нападу хусітаў каля берагоў Емэну непадалёк ад Баб-эль-Мандэбскай пратокі.

Як паведамляе выданьне The Maritime Executive, кантэйнэравоз MSC Sky II, які ішоў пад лібэрыйскім сьцягам, быў атакаваны адначасова дзьвюма ракетамі. На судне ўзьнік пажар, каманда спрабуе зь ім справіцца.

Судна знаходзіцца ў Адэнскай затоцы, побач з Баб-эль-Мандэбскай пратокай.

Напады на гандлёвыя судны з ужываньнем ракет і беспілётнікаў зь емэнскага боку не спыняюцца ўжо некалькі месяцаў. 2 сакавіка каля берагоў Емэну затануў падбіты сухагруз, які перавозіў угнаеньні. Навукоўцы асьцерагаюцца, што таксычныя ўгнаеньні выклічуць экалягічнае бедзтва — гібель марской фаўны там, дзе сухагруз лёг на дно.

Актыўнасьць хусітаў не абмяжоўваецца толькі нападамі на гандлёвыя судны. 3 сакавіка стала вядома, што ў выніку іх дывэрсіяў у Адэнскай затоцы пашкоджаныя некалькі падводных кабэляў высакахуткаснай перадачы дадзеных, ад якіх залежыць функцыянаваньне інтэрнэту ў рэгіёне.

Праз Чырвонае Мора, Баб-эль-Мандэбскую пратоку і Адэнскую затоку ажыцьцяўляецца каля 12% усяго гандлёвага суднаходства ў сьвеце, у тым ліку каля 30% усіх кантэйнэрных перавозак. Пасьля пачатку нападаў хусітаў на гандлёвыя судны многія суднаходныя кампаніі былі вымушаныя выбіраць іншыя маршруты, што значна зацягвае і падаражае перавозкі.

Ісламская радыкальная групоўка хусітаў «Ансар Ала» кантралюе паўночную частку Емэну, уключаючы частку марскога ўзьбярэжжа. Створаны імі ўрад не прызнаны пераважнай большасьцю краін сьвету.

У канцы мінулага года хусіты абвясьцілі, што ўключаюцца ў вайну супраць Ізраілю на баку групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразвязе, і сталі абстрэльваць гандлёвыя судны ў Чырвоным моры.

Пры гэтым атакуюцца сухагрузы і танкеры, якія не маюць дачыненьня да Ізраілю. Так, кантэйнэравоз MSC Sky II, пашкоджаны сёньня ракетамі, ходзіць пад сьцягам Лібэрыі і належыць швайцарскай кампаніі-грузаперавозчыку MSC. З Ізраілем ні судна, ні кампанія-уладальнік ніяк не зьвязаныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG