Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ЗША забараніў штатам выкрэсьліваць Трампа з выбарчых бюлетэняў


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Вярхоўны суд ЗША забараніў штатам выкрэсьліваць Дональда Трампа зь бюлетэняў на выбарах прэзыдэнта. Гэтае рашэньне абавязковае для выкананьня па ўсёй краіне.

Вярхоўны суд скасаваў рашэньне суду штату Каларада, які выключыў Трампа ў сьнежні. Суд у Каларада спасылаўся на артыкул у Канстытуцыі ЗША, які забараняе ўдзельнічаць у выбарах службовым асобам, якія бралі ўдзел у паўстаньні ці мяцяжы.

Суд тады матываваў рашэньне магчымай датычнасьцю Трампа да падзей 6 студзеня 2021 году. Тады натоўп ягоных прыхільнікаў уварваўся ў памяшканьне Кангрэсу, каб сарваць сэртыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Джо Байдэн.

Пасьля Каларада Трампу забаранілі балятавацца ў штатах Мэн і Ілінойс. Магчымасьць прыняць аналягічнае рашэньне разглядалі больш за дзесяць штатаў, пісаў часопіс Newsweek.

У пастанове Вярхоўнага суду гаворыцца, што адказнасьць за выкананьне артыкула Канстытуцыі аб забароне кандыдатам удзельнічаць у фэдэральных выбарах ляжыць на Кангрэсе ЗША, а не на штатах. Судзьдзя Эмі Коні Барэт асобна адзначыла, што з рашэньнем згодныя ўсе дзевяць судзьдзяў Вярхоўнага суду.

Вярхоўны суд прыняў рашэньне за дзень да так званага «Супэраўторка», калі ў 16 штатах і на адной тэрыторыі ЗША маюць прайсьці прэзыдэнцкія праймэрыз (папярэднія выбары).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG