Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія арганізацыі падтрымкі ахвяраў рэпрэсіяў аб’ядналіся ў «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі»


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Арганізацыі BYSOL, BY_help, Dissidentby і фонд «Краіна для жыцьця» абʼядналіся і стварылі «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі».

Пра гэта на Першым беларускім бізнэс-форуме ў Вашынгтоне абвясьціў сузаснавальнік BY_help і BYSOL Андрэй Стрыжак. Ён адзначыў, што гэта ня новая арганізацыя, але «чатыры арганізацыі, якія аб’ядналі высілкі і дзейнічаюць у сынхранізацыі».

«Так здарылася, што мы ўжо некаторы час працуем разам, і выявілася, што нашыя абшары экспэртызы дапаўняюць адзін аднаго, а не перасякаюцца. А раз дапаўняюць, то ўсё адно пацярпелыя прыдуць да кожнага з нас. Прасьцей перадаваць кейсы адзін адному ў каардынацыі, і такім чынам забясьпечыць максымальны ўзровень падтрымкі», — напісаў Андрэй Стрыжак.

Паводле Стрыжака, «Служба хуткай гуманітарнай дапамогі» далей будзе «выступаць адзіным голасам у дачыненьні да зьнешніх праектаў і гульцоў», усе рашэньні будуць прымаць кансэнсусам унутры новастворанай службы. Гэта павінна даць разуменьне інстытуцыйным партнэрам, што ў арганізацый «няма перасячэньня абшараў адказнасьці, а значыць і няма рызыкі падвойнага фінансаваньня».

«Абʼяднаньне ў „Службу хуткай гуманітарнай дапамогі“ — беспрэцэдэнтная каардынацыя намаганьняў, якой раней ніколі не было. Выступаючы разам, мы прадстаўляем інтарэсы беларускай гуманітарнай супольнасьці перад партнэрамі і зьнешнімі гульцамі. Дзякуючы цеснай каардынацыі мы аптымізуем падтрымку ва ўмовах абмежаванасьці фінансаў. Мы даводзім, што ў стане дамаўляцца, каб дасягнуць агульнай мэты», — заявіў ён.

«Служба хуткай гуманітарнай дапамогі» адкрытая да супрацоўніцтва зь іншымі структурамі грамадзянскай супольнасьці, якія займаюцца дапамогай рэпрэсаваным.

  • BYSOL — некамэрцыйная няўрадавая арганізацыя, створаная 14 жніўня 2020 году ў адказ на масавыя арышты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Фонд арганізуе збор сродкаў для падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі. Фонд працуе ў кірунку падтрымкі палітвязьняў, перанавучаньня звольненых па палітычных матывах, экстраннай рэлякацыі людзей за межы Беларусі і пэрсанальных збораў.
  • BY_help — грамадзкая кампанія, якая ўзьнікла ў сакавіку 2017 году на хвалі масавых арыштаў, цяпер зьбірае сродкі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі падчас і пасьля выбарчай кампаніі 2020 году і, сумесна з BYSOL, на рэабілітацыю палітвязьняў і іх семʼяў пасьля іх вызваленьня.
  • Dissidentby — некамэрцыйная ініцыятыва па прамой падтрымцы палітвязьняў у Беларусі — празь перадачы, афармленьне падпіскі на газэты і часопісы, пералічэньне грошай на асабісты рахунак палітвязьня. Таксама ініцыятыва асьвятляе інфармацыю пра палітвязьняў, іх месцазнаходжаньне і стан праз сацсеткі і імпрэзы (вечары салідарнасьці, канцэрты, адукацыйныя мерапрыемствы).
  • Фонд «Краіна для жыцьця» — займаецца праваабарончай дзейнасьцю і дапамогай семʼям палітвязьняў і ўсім беларусам, чые правы былі парушаны дзеяньнямі рэжыму Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG