Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скандальнага відэа у TikTok чыноўнікі знайшлі другое «рыбнае» прадпрыемства, якое ня выплаціла заробкі за 2022 год


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы пры Мінпрацы адсправаздачыўся пра выяўленьне нявыплаты заробкаў за некалькі месяцаў 2022 году на адным з рыбакомплексаў у Кобрыні. Ведамства сьцьвярджае, што пасьля праверак грошы работнікам выплацілі.

Гаворка ідзе пра прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы ў Кобрыні, яго назву чыноўнікі не агучылі.

«У выніку правядзеньня аддзелам выбарачнай праверкі выяўлены парушэньні заканадаўства аб працы. На патрабаваньне начальніка Кобрынскага міжраённага аддзелу праведзена выплата заработнай платы работнікам прадпрыемства за травень–верасень 2022 году на агульную суму больш за 10 тысяч рублёў», — паведамілі ў Дэпартамэнце.

Там сьцьвярджаюць, што за дапушчаныя парушэньні наймальнік атрымаў штраф. Ягоны памер не агучваецца.

10 лютага ў TikTok завірусілася відэа, на якім работнікі прыватнага рыбакансэрвавага камбіната «Сталічны» скардзіліся Лукашэнку на нявыплату заробкаў на працягу пяці месяцаў.

Пасьля публікацыі відэа ў справу ўмяшаліся сталічныя ўлады, яны ж апублікавалі новы ролік. У ім дырэктар прадпрыемства Андрэй Блахін выбачаўся перад людзьмі. Як вынікае са словаў чыноўнікаў, сталічныя ўлады ведалі пра сытуацыю з заробкамі яшчэ летась.

23 лютага стала вядома, што камбінат пачаў выплочваць супрацоўнікам запазычанасьць у заробку за некалькі месяцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG