Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 270 да амаль 6 тысяч рублёў у месяц: колькі зарабляюць беларускія ідэолягі на заводах, у выканкамах і ў БРСМ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выданьне «Люстэрка» прааналізавала зьвесткі пра заробкі беларускіх ідэолягаў на заводах, у выканкамах і ячэйках БРСМ. Некаторыя зь іх сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Пераказваем асноўнае.

Інфармацыю пра даходы дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў выданьне ўзяло з друкаваных нумароў дзяржаўных газэт. Гэта зьвесткі за 2022 год, бо падатковыя дэклярацыі за 2023-ы будуць падаваць у сакавіку. Указаныя сумы да выплаты падаткаў.

Заробкі ідэолягаў дзяржпрадпрыемстваў

Як вынікае з аналізу «Люстэрка», найбольш высокія даходы — у ідэолягаў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Зь іх самы «багаты» — намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях «Гомсельмаша» Аляксандар Канапацкі: за 2022 год ён зарабіў 70 176 рублёў, або 5848 рублёў у месяц. У 2020 годзе рабочых «Гомсельмаша» закрывалі ў цэхах, каб яны не далучыліся да пратэстаў, і звальнялі за палітычную пазыцыю. Цяпер Канапацкі стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Гомля.

Кіраўнік ідэалягічнага аддзелу на Беларускім мэталюргічным заводзе Аляксандар Малабіцкі, які стаў дэпутатам парлямэнту ад Жлобіна, за 2022 год зарабіў 52 040 рублёў, або 4337 рублёў у месяц. Малабіцкі ўзначальваў на БМЗ ячэйку праўладнай партыі «Белая Русь».

Уладзімер Баравенка, намесьнік гендырэктара па ідэалягічнай рабоце, сацыяльных і агульных пытаньнях «Брэстаблгазу», узначальвае раённае аддзяленьне партыі «Белая Русь» у Берасьці. Гадавы даход — 65 434 рублі, або 5453 рублі ў месяц. Таксама стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Намесьнік дырэктара па ідэалягічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаньнях Гомельскага вагонабудаўнічага завода Віталь Панасюк (балятаваўся ў Гомельскі абласвет) за год зарабіў 61 412 рублёў (5118 рублёў у месяц).

Намесьнік гендырэктара па ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях «Гроднажылбуда» Генадзь Палховіч (балятаваўся ў Гарадзенскі гарадзкі савет) за год зарабіў 48 882 рублі, або 4074 рублі ў месяц.

Намесьніца дырэктара па ідэалягічнай рабоце Магілёўскага водаканала Вольга Кавалёва (балятавалася ў Магілёўскі аблсавет) за год атрымала даход у памеры 35 644 рублёў, або 2970 рублёў у месяц.

Даходы ідэолягаў у раённых органах улады і актывістаў БРСМ

Даходы ідэолягаў у раённых органах улады на парадак ніжэйшыя, чым на дзяржаўных прадпрыемствах.

Так, напрыклад, начальнік аддзел па ідэалягічнай рабоце і справах моладзі Карэліцкага райвыканкаму Генадзь Карпаленка (балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў, але не прайшоў) за 2022 год зарабіў 18 767 рублёў, гэта 1564 рублі на месяц. Калега Карпаленкі з Навагрудзкага райвыканкама Натальля Жышко (балятавалася ў Гарадзенскі аблсавет) за год атрымала 25 373 рублі даходу, або 2114 рублёў за месяц.

Супастаўныя даходы і ў актывістаў БРСМ. Так, у кіраўніка Гарадзенскай ячэйкі БРСМ Арцёма Макарэвіча, які балятаваўся ў мясцовы гарсавет, даход за 2022 год — 18 576 рублёў (1548 рублёў за месяц), а сакратарка Ваўкавыскага раённага камітэту БРСМ Натальля Клімчук атрымала за год 16 602 рублі (1384 рублі ў месяц).

А вось намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы ў «Магілёўэнэргабудзе» і кіраўнік магілёўскага аддзяленьня ЛДПБ Аляксандар Лабадыроў (балятаваўся ў Магілёўскі аблсавет) задэкляраваў гадавы даход у 3250 рублёў (270 рублёў у месяц — гэта ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG