Валер Бельскі датэрмінова склаў паўнамоцтвы чальца Савету Рэспублікі і пакінуў пасаду намесьніка старшыні верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі.
Згодна з пастановай, апублікаванай 27 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паўнамоцтвы Бельскага датэрмінова спынілі з 21 лютага ў сувязі зь яго пісьмовай заявай з асабістых прычын.
Валер Бельскі стаў намесьнікам старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай летась у студзені.
Раней ён быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. У чэрвені 2020 году Бельскага вызвалілі ад гэтай пасады і прызначылі памочнікам Лукашэнкі ў пытаньнях разьвіцьця фінансава-крэдытнай сыстэмы. Пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі заняў Дзьмітры Круты, якога ў канцы 2022 году перавялі на пасаду пасла ў Расеі.
Да працы ў адміністрацыі Бельскі займаў розныя пасады. У розны час ён быў дырэктарам Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук, рэктарам Інстытуту падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, памочнікам сябра Калегіі па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе Эўразійскай эканамічнай камісіі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту сыстэмных дасьледаваньняў у АПК НАН Беларусі. Сваю працоўную кар’еру ён пачынаў з пасады галоўнага эканаміста саўгаса «Каліноўскі» Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці.