Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 лютага: фітнэс-трэнэра Аляксандра Якуту асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі»


Затрыманьне ў Беларусі. Архіўнае фота
Затрыманьне ў Беларусі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Музыку з гурту «Мінімум дыстанцыі» прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі»

Суд прысудзіў удзельніку гурту «Мінімум дыстанцыі» Жэню Шуму 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Пра гэта стала вядома з праўладнага тэлеграм-каналу, піша Mediazona.by. Паводле якога артыкула судзілі музыку і калі гэта адбылося, невядома.

Сам музыка ў відэа паведамляў, што нібыта «высылаў данаты, якія фінансуюць экстрэмісцкую дзейнасьць».

Сёлета ў студзені сілавікі апублікавалі відэа з музыкам. У ім ён расказваў, што пасьля выбараў 2020 году офіс рэлякаваў яго ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны музыка пераехаў у Польшчу. Там ён жыў да заканчэньня працоўнай візы, якую адмовіліся працягнуць.

У Наваполацку мужчыну арыштавалі за стары пост пра гібель Рамана Бандарэнкі

У жыхара Наваполацку ў сацсетках знайшлі стары пост у памяць аб забітым сілавікамі Раману Бандарэнку. Мужчыну затрымалі і адправілі на «суткі», пра гэта стала вядома з пастановы суду, піша «Люстэрка».

Паводле матэрыялаў справы, на старонцы мужчыны «ЎКантакце» выявілі публікацыю за 2020 год: фатаграфія Рамана Бандарэнкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі ў руках і подпіс «Не забудзем!». Гэтую выяву знайшоў 26 студзеня 2024 году міліцыянт Наваполацкага ГАУС, які праводзіў «маніторынг» сацсетак.

Мужчыну затрымалі днём 14 лютага. На яго склалі пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП аб парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Затрыманага зьмясьцілі ў ІЧУ. Суд адбыўся на наступны дзень, 15 лютага.

Жыхару Наваполацку ў выніку прызначылі 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

У Горадні будуць судзіць абвінавачаных за плянаваныя «тэракты», якія курыраваліся спэцслужбамі Ўкраіны

Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова абвінавацілі ў тым, што яны нібыта аб’ядналіся ў «устойлівую кіраваную арганізаваную групу для сумеснай злачыннай дзейнасьці». Ім пагражае сьмяротнае пакараньне, паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют» з спасылкай на АНТ.

Мужчын судзяць па артыкулах КК:

  • 289 ч. 3 — Акт тэрарызму;
  • 126 ч. 3 — Акт міжнароднага тэрарызму;
  • 358 заўв. 1 — Агентурная дзейнасьць;
  • 130 ч. 1 — Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы;
  • 356 ч. 1 — Здрада дзяржаве (У рэдакцыі Закону ад 09.01.2019)

Паседжаньне праходзіць 26 лютага ў Горадзенскім абласным судзе. Судзьдзя — Валерый Раманоўскі.

Фітнэс-трэнэра Аляксандра Якуту асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі»

22 сьнежня 2023 году суд Савецкага раёну Менску прыгаварыў фітнэс-трэнэра Аляксандра Якуту да 2,5 года «хатняй хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Вядома аб прысудзе стала праз 2 месяцы пасьля яго вынясеньня.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну абвінавацілі ў грубым парушэньні парадку (частка 1 артыкула 342 КК) з прычыны выхаду на праезную частку падчас адной з акцый пратэсту ў Менску. У маршы ён удзельнічаў у вобразе шатляндзкага вікінга.

Пра яго затрыманьне стала вядома ў лістападзе 2023 году. На відэа сілавікоў на затрыманым былі кайданкі і японскі востраканечны капялюш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG