Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўнай радзе Ўкраіны назвалі беларускія выбары 25 лютага «інструмэнтам паглыбленьня дыктатуры Лукашэнкі»


Вярхоўная рада Ўкраіны
Вярхоўная рада Ўкраіны

25 лютага міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне Рады Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь!» выступіла з заявай, у якой заклікала міжнародную супольнасьць не прызнаваць легітымнасьць так званых «выбараў» у Беларусі і выкарыстоўваць усе даступныя інструмэнты для таго, каб Лукашэнка апынуўся за кратамі.

У заяве заначаецца, што сёлетнія «выбары» ў Беларусі праводзяцца ва ўмовах фактычнай адсутнасьці апазыцыі, міжнародных назіральнікаў, а таксама з тысячамі палітвязьняў у турмах, а не на выбарчых участках. Дэпутаты згадваюць, што ў 2023 годзе быў падпісаны закон аб зьмене Выбарчага кодэксу Беларусі, згодна зь якім на выбарах дэпутатаў быў скасаваны парог яўкі, што дазваляе праводзіць гэтыя выбары нават калі народ Беларусі адмаўляецца браць у іх удзел.

Правядзеньне парлямэнцкіх і мясцовых «выбараў сёньня — ня ёсьць працэсам волевыяўленьня беларускага народу, а толькі інструмэнтам паглыбленьня і ўкараненьня дыктатуры самаабвешчанага прэзыдэнта Лукашэнкі», — гаворыцца ў заяве.

У ёй міжфракцыйнае дэпутацкае абʼяднаньне Рады Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь!» заклікае ўрады і парлямэнты дэмакратычных краінаў сьвету «падтрымаць барацьбу беларускага народа за сваю волю».

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG