Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч заклікала Крэмль аддаць цела Навальнага маці. Яго пагражаюць пахаваць у калёніі


Людміла Навальная
Людміла Навальная

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч запісала відэа з патрабаваньнем аддаць цела памерлага ў расейскай турме палітыка Аляксея Навальнага ягонай маці.

«Я хачу зьвярнуцца ня толькі да Крамля. Я хачу прасіць усіх людзей, усіх нас: гаварыце, гаварыце, што трэба аддаць цела маці!» — сказала Алексіевіч.

Шэраг іншых вядомых людзей са сьвету мастацтва і бізнэсу, журналісты і грамадзкія дзеячы патрабуюць аддаць цела палітыка Навальнага маці. Відэа зь іх зваротамі публікуе тэлеграм-канал «Команда Навального».

Сярод тых, хто запісаў зварот, — нобэлеўскі ляўрэат Дзьмітрый Муратаў, балетмайстар Міхаіл Барышнікаў, пісьменьнік Міхаіл Зыгар, гісторык Тамара Эйдэльман, бізнэсовец Яўгеній Чычваркін і іншыя.

Паплечнікі Аляксея Навальнага паведамілі, што маці палітыка паставілі ўльтыматум: альбо пагадзіцца на таемнае пахаваньне, альбо палітыка пахаваюць у калёніі.

Па словах прэс-сакратара Навальнага Кіры Ярмыш, Людміле Навальнай далі тры гадзіны на прыняцьце рашэньня. Маці палітыка адмовілася гаварыць з супрацоўнікамі Сьледчага камітэту і запатрабавала выканаць закон, які абавязвае выдаць цела на працягу двух сутак з моманту ўстанаўленьня прычын сьмерці, напісала Ярмыш у сацсетцы X.

Напярэдадні маці палітыка Людміла Навальная паведаміла, што супрацоўнікі Сьледчага камітэту шантажуюць яе, абяцаючы выдаць цела сына, толькі калі яго пахаваньне пройдзе таемна і без разьвітаньня. У адваротным выпадку Аляксея Навальнага пагражаюць пахаваць на тэрыторыі калёніі.

«Яны шантажуюць мяне, ставяць мне ўмовы: дзе, калі і як павінен быць пахаваны Аляксей, — сказала Навальная. — Сьледчы Варапаеў адкрыта мне сказаў: „Час працуе не на вас, труп раскладаецца“. Я не хачу асаблівых умоваў. Я толькі хачу, каб усё было зроблена паводле закону».

  • Навальны памёр 16 лютага ў калёніі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе РФ за Паўночным палярным кругам. Палітыку было 47 год.
  • 20 лютага Людміла Навальная запісала відэазварот да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем выдаць ёй цела сына. Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ня будзе гэта камэнтаваць, назваўшы выдачу цела «ня справай Крамля».
  • У заключэньні аб сьмерці Навальнага сказана, што палітык памёр з натуральных прычын, паведаміла ягоная прэсавая сакратарка Кіра Ярмыш. Удава Навальнага Юлія заяўляе, што ён быў забіты. Пасьля ўстанаўленьня прычыны сьмерці Навальнага яго цела абавязаныя выдаць сям’і на працягу двух сутак, вынікае з закону РФ «Аб пахаваньні і пахавальнай справе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG