Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прызналі, што рэгуляваньне цэнаў у Беларусі абрынула рэнтабэльнасьць гандлю да гістарычнага мінімуму


Пасьля таго, як дзяржава ўзялася за рэгуляваньне цэнаў, рэнтабэльнасьць гандлёвых арганізацыяў Беларусі зьнізілася да 0,4%. «Гэта адзін з самых нізкіх паказьнікаў за ўсю гісторыю», — канстатаваў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік міністра гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня (МАРГ) Іван Вежнавец, заўважыў «Белсат».

«Што датычыць суб’ектаў гандлю, пачатак 2023 году быў для іх з нэгатыўнай дынамікай. Агулам у галіне рэнтабэльнасьць упала да 0,4%. Гэта быў адзін з самых нізкіх паказьнікаў за ўсю гісторыю», — паведаміў Іван Вежнавец.

Пры гэтым намесьнік кіраўніка МАРГ запэўніў, што «былі прынятыя пэўныя захады» і ў канцы 2023 году ў Беларусі «выйшлі на стабільную дынаміку ўзроўню рэнтабэльнасьці ў гандлі ў 1–1,5%».

«І колькасьць стратных арганізацыяў да канца году зьнізілася», — заявіў чыноўнік.

Днямі кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў называў лічбу ў 88 стратных арганізацыяў розьнічнага гандлю, або 18,6% ад агульнай колькасьці.

На прэс-канфэрэнцыі Вежнавец таксама адсправаздачыўся, што цэны ў Беларусі, як і загадваў Лукашэнка, цяпер «справядлівыя» і што сама меней да канца году рэгуляваньне цэнаў працягнецца, пры гэтым «нельга выключаць нейкіх зьменаў».

  • Забарону на павышэньне цэнаў у Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Пазьней улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў практычна на ўсе спажывецкія тавары — на 300 таварных пазыцый. Лукашэнка заявіў, што лічыць гэтае рашэньне правільным, і заклікаў працягваць «шліфаваць тлушч» у вытворцаў і гандлю.
  • Сёлета ў МАРГ заявілі, што дзякуючы рэгуляваньню цэнаў за 2023 год большасьць тавараў і паслуг «павялічыліся ў цане памяркоўнымі тэмпамі». Сярод рэгуляваных цэнаў найбольш павялічыліся цэны на тытунёвыя вырабы (на 63,3%) і моцныя алькагольныя напоі (на 16,5%), а таксама на лекі (13,4%) і паслугі дашкольных устаноў (11,1%), тарыфы на камунальныя паслугі (8,7%) і пасажырскія перавозкі па чыгунцы рэгіянальных зносін эканом-клясы (на 20,8%), вышэйшай адукацыі (на 14%).
  • Агулам, паводле афіцйнай статыстыкі, за 2023 год цэны ў Беларусі выраслі на 5,8%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG