Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі паабяцалі «жорстка адрэагаваць» на закрыцьцё Літвой яшчэ двух памежных пунктаў


МЗС Беларусі. Архіўнае фота
МЗС Беларусі. Архіўнае фота

У Менску лічаць, што для літоўскіх уладаў «надзвычай нязручным» застаецца і паток літоўцаў, якія наведваюць Беларусь паводле бязьвізавага рэжыму і нібыта «расказваюць праўду» пра Беларусь.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі назвалі палітычна матываваным крокам рашэньне Літвы аб закрыцьці зь першага сакавіка яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

Паводле прэсавай службы МЗС Беларусі, гэтыя крокі сталі вынікам «электаральных кампаній, якія набіраюць абароты».

«Пад капірку паўтараюцца дзеяньні Польшчы і Латвіі, зробленыя летась у кантэксьце выбараў у гэтых краінах. Мэта такіх маніпуляцый адна — штучна стварыць вобраз ворага з суседняй Беларусі, прыхоўваючы ўласныя пралікі ў эканоміцы, зьнішчэньне транспартнай галіны, вар’яцкую гонку ўзбраеньняў, гвалт над мігрантамі на мяжы», — адзначаецца ў камэнтары прэсавай службы МЗС Беларусі.

У Менску лічаць, што для літоўскіх уладаў «надзвычай нязручным» застаецца і паток літоўцаў, якія наведваюць Беларусь паводле бязьвізавага рэжыму і «расказваюць праўду» пра Беларусь.

«Абгрунтаваньне гэтага рашэньня літоўскім урадам выклікае ўжо нават не абурэньне, а хутчэй проста ўсьмешку. Такія прычыны, як небясьпека пранікненьня мігрантаў і агентаў КДБ у беларускіх аўтобусах, праблемы з чэргамі, якія вырашаюць шляхам закрыцьця памежных пераходаў, аргумэнты аб тым, што „суседзі таксама так робяць“, проста не патрабуюць камэнтароў», — адзначаецца ў паведамленьні.

«Усё гэта адбываецца на агульнай мяжы ЭЗ пры маўклівай згодзе Брусэля і іншых краін Эўрапейскага Зьвязу. Беларусь будзе вымушана жорстка адрэагаваць на гэтыя зусім недружалюбныя дзеяньні Вільні з улікам інтарэсаў сваіх грамадзян і, наколькі гэта магчыма, жыхароў суседніх краін. Зноў заклікаем літоўскі бок адмовіцца ад практыкі дэзынфармацыі ўласнага насельніцтва, парушэньня правоў на свабоду перамяшчэньня і гандлю на карысьць сваіх палітычных амбіцый», — заявілі ў прэсавай службе МЗС Беларусі.


Урад Літвы 21 лютага падтрымаў ініцыятыву Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі аб закрыцьці зь першага сакавіка яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі».

Адкрытымі застануцца пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі», але на іх зь вясны таксама абмяжуюць рух пешаходаў і веласіпэдыстаў.

Міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што закрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю абумоўлена некалькімі фактарамі, у тым ліку недахопам рэсурсаў для якаснага кантролю і актывізацыяй дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў супраць Літвы.

«У суседніх дзяржавах дзейнічае па адным пункце пропуску, у Літве — чатыры. У выніку на 50 адсоткаў павялічыўся паток грузаў, транспарту і людзей праз пункты на літоўска-беларускай мяжы. Патрэбны вялікія рэсурсы для кантролю патокаў, перадухіленьня кантрабанды, забесьпячэньня міжнародных санкцый і зьніжэньня рызык бясьпекі руху. Гэтае рашэньне таксама было абумоўлена рызыкамі, зьвязанымі з узмацненьнем дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў супраць Літвы і нашых грамадзян», — заявіла Агне Білатайце.

18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG