Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк назваў Навальную праектам «кухарка-2». Як на гэта зрэагавалі вядомыя жанчыны Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская і Юлія Навальная. Каляж.
Сьвятлана Ціханоўская і Юлія Навальная. Каляж.

Апазыцыйны палітык у эміграцыі, лідэр руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк апублікаваў у сваіх сацсетках крытычны допіс пра сьмерць Навальнага і заяву ягонай удавы Юліі Навальнай, што яна працягне справу расейскага апазыцыйнага палітыка.

У допісе зьмяшчаліся традыцыйныя для палітыка цьверджаньні пра супрацу з расейскімі спэцслужбамі. Зянон Пазьняк таксама піша пра «праект «кухарка-2»», праўдападобна, параўноўваючы Юлію Навальную зь лідэркай дэмсілаў Сьвятланай Ціханоўскай, якая працягнула справу зьняволенага мужа.

«Калі гэта сапраўды праект „кухарка-2“, і калі яго праштурхнуць лібэральнай Эўропе, то можна будзе павіншаваць усялякіх гаспод Каспаравых і іншых „харошых рускіх“ за мяжой с пріобретеніем. О чём сожалелі, о чём мечталі, то і получілі. Магчыма раскрыецца нават тое — навошта раптам зьнішчылі агента Навальнага. Словам, назіраем далей за скопішчам зла», — гаворыцца ў допісе з подпісам ЗП у профілі, вядомым як прыватны профіль Зянона Пазьняка ў Фэйсбуку.

Свабода папрасіла гендэрных экспэртак пракамэнтаваць рэзкі допіс.

«Гэты тон ані ня лепшы за тон Лукашэнкі»

Філёзаф, гендэрная экспэртка Вольга Шпарага:

«У цэлым вельмі ня хочацца камэнтаваць гэтае выказваньне — тон яго абразьлівы. Ён абразьлівы ў дачыненьні да Навальнага і ў дачыненьні да яго жонкі, а таксама ў дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай і, такім чынам, усёй прадэмакратычнай беларускай супольнасьці. Растлумачу чаму. Гэты тон, па-першае, ані ня лепшы за тон Лукашэнкі, які патэрналісцка і сэксісцка абражае грамадзян Беларусі (і ня толькі іх). Аднак у вочы, па-другое, кідаецца тое, што Сьвятлана Ціханоўская атаясамліваецца зь лібэральнай Эўропай, якую разам зь Ціханоўскай Пазьняк адмаўляе. Што гэта значыць? Што ён уяўляе сабой нелібэральную, г. зн. правакансэрватыўную, палітычную пазыцыю. Частка тэарэтыкаў правага папулізму лічаць яе ўвогуле недэмакратычнай. Так што сваім выказваньнем Пазняк прапануе нам яшчэ адну разнавіднасьць аўтарытарызму. Як гаворыцца, дзякуй, ня трэба».

«Жанчына ня можа быць у палітыцы? Тады пра якую дэмакратыю гаворыць спадар Зянон?»

Праваабаронца, нізавая актывістка, суарганізатарка маратону «Нам ня ўсё адно!» Наста Базар:

«Калі чалавек настолькі супраць імпэрства і такіх стасункаў паміж людзьмі, якія ўжо даўно не працуюць, то як можна зьневажаць чалавека, указваючы на гендэр? Ад спадара Зянона даўно прывычна чуць, што вакол усе ворагі, але калі акцэнтуецца ўвага на тым, што „вораг“ ня проста „вораг“, але жанчына, ды яшчэ называючы яе „кухаркай“, то для мяне гэта паказвае зьнявагу да жанчын. Жанчына ня можа быць у палітыцы? Тады пра якую дэмакратыю гаворыць спадар Зянон?»

«Непрыемны, брыдкі запіс. У ім татальнае абясцэньваньне, мізагінія і прамыя абразы асобы, якая нічым іх не справакавала»

Гендэрная дасьледчыца, доктар навук Ірына Сідорская:

«Непрыемны, брыдкі запіс. У ім татальнае абясцэньваньне, мізагінія і прамыя абразы асобы, якая нічым іх не справакавала. Вельмі шкада, што чалавек, які прэтэндуе на лідэрства, у тым ліку лідэрства ў галіне грамадзкай думкі, дазваляе сабе настолькі непрымальныя выказваньні. Ня думаю, што ў яго ёсьць палітычныя пэрспэктывы ў сучасным сьвеце».

Зянон Пазьняк — пасьлядоўны праціўнік фэмінізму. Вось адно зь яго выказваньняў у 2017 годзе зь інтэрвію сайту «Беларускі партызан».

На пытаньне пра тое, што Беларуская жаночая ліга стварае Беларускую жаночую партыю, Зянон Пазьняк кажа: «Ня трэба жанчынам гэтым займацца. Гэта абсалютны маргіналізм, які прывядзе да таго, што і на Захадзе, — фэмінізму і палавой нянавісьці».

Паводле яго, у палітыцы няма паняцьця полу, як на вайне.

«Успомнім хаця б Маргарэт Тэтчэр, Ангелу Мэркель. Калі ў жанчыны ёсьць здольнасьці, яна прабʼецца, тут пол ня важны. На Захадзе лічацца з фэміністкамі, таму што палітыкам патрэбныя іх галасы. Але гэта абсалютна маргінальная зьява, якая ўрэшце прыводзіць да палавой нянавісьці ў розных формах, у тым ліку агрэсіўных. Прыводзіць да зьмены каштоўнасьцяў: галоўным становіцца не сямʼя і мацярынства, а сэкс. У жаночых партыях звычайна зьбіраюцца пакрыўджаныя, азлобленыя жанчыны. А палітыка — рэч сурʼёзная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG