Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зацьвердзіў 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне


Сьцяг ЭЗ
Сьцяг ЭЗ

Раней стала вядома, што ў праект 13-га пакету санкцый Эўразьвязу трапілі шэсьць беларускіх грамадзян і тры абаронныя прадпрыемствы.

Эўрапейскі зьвяз ухваліў у сераду свой 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі, паведамілі Reuters крыніцы ў ЭЗ.

Новы пакет уключае амаль 200 юрыдычных і фізычных асоб, але ніякіх новых сэктаральных мераў ня будзе.

Поўны спіс будзе апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЭЗ 24 лютага.

Папярэдне вядома, што пад санкцыі падпадуць і беларускія кампаніі і асобы.

Як стала вядома Свабодзе з крыніц у Брусэлі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі трапіла некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іхных кіраўнікоў, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Санкцыйныя абмежаваньні прапанавалі ўвесьці супраць Аршанскага авіярамонтнага заводу і ягонага генэральнага дырэктара, грамадзяніна Беларусі Паўла Случака. Прадпрыемства займаецца рамонтам верталётаў Mi-24 і Mi-35, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

У санкцыйныя сьпісы прапануюць уключыць Барысаўскі завод па рамонце радыёэлектроннай зброі і ягонага дырэктара Валерыя Шацілу. Завод выконвае заказы Ўзброеных сіл Расеі.

У праект 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі, які Эўразьвяз мае прыняць да другой гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага, таксама трапіла беларуская кампанія «Пеленг», якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю.

У праект новага санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу ўключылі таксама грамадзяніна Беларусі Сяргея Астафурава, які ўзначальвае расейскую кампанію «НТЦ Промтехаэро», якая займаецца прамысловымі тэхналёгіямі і аэранавігацыйнымі сыстэмамі. Кампанія ўваходзіць у структуру АТ «Алмаз-Антей» — дзяржаўнага вытворцы зброі, супрацьпаветраных сыстэм і крылатых ракет.

Апроч таго, санкцыйныя абмежаваньні прапануюць увесьці супраць Аляксея Талая і ягонага дабрачыннага фонду, якія займаюцца незаконным вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Папярэдне ў санкцыйны сьпіс уключылі і ягонага партнэра ў гэтай дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова, кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

За аналягічную дзейнасьць у санкцыйныя сьпісы плянуюць уключыць старшыню Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітрыя Дзямідава, якога назвалі «адной з ключавых асоб, датычных да прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх далейшага ўсынаўленьня расейскімі і беларускімі сем’ямі».

У санкцыйныя сьпісы прапанавалі ўключыць недзяржаўную арганізацыю «Дэльфіны» і яе заснавальніцу Вольгу Волкаву, якія каардынавалі вываз некалькіх груп украінскіх дзяцей і праводзілі іх «перавыхаваньне». У дакумэнтах сьцьвярджаецца, што гэтая арганізацыя створана ў Беларусі, аднак дзяржаўныя СМІ пісалі, што Вольга Волкава зьяўляецца жыхаркай Данецку і стварыла сваю арганізацыю менавіта там. У дакумэнце, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, грамадзянства Вольгі Волкавай не пазначана.

У праект санкцый трапіў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, грамадзянства якога не пазначана, Васіль Шурпанаў, які нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

Шурпанаў — генэральны дырэктар ААТ «Ніжагародзкі машынабудаўнічы завод». Гэта расейскае вайскова-прамысловае дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца распрацоўкай артылерыйскіх і ракетных сыстэм, у тым ліку зэнітных ракетных комплексаў С-300, якія знаходзяцца на ўзбраеньні расейскага войска.

Усяго ў чарнавы варыянт 13-га пакету ўключылі 105 фізычных асобаў (грамадзян Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін), а таксама 85 прадпрыемстваў і кампаній з розных краін, у тым зь Беларусі.

У ЭЗ лічаць іх «адказнымі за дзеяньні дзеля падрыву або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG