Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка запатрабаваў узброіць патрулі міліцыі стралковай зброяй


Узброіць патрулі паставой службы міліцыі стралковай зброяй даручыў Аляксандар Лукашэнка на пашыранай нарадзе зь сілавікамі 20 лютага.

«Патрулі павінны быць узброеныя. Стралковай зброяй. Як мінімум пісталетамі. І пра гэта павінны ведаць усё. І яны павінны хадзіць спакойна па вуліцах. Гарантыя — ніякіх злачынстваў у гэтых раёнах ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, наяўнасьць на вуліцах гарадоў узброеных сілавікоў дазволіць беларусам «адчуваць сябе ў бясьпецы». Гэтае пытаньне Лукашэнка даручыў узяць на кантроль МУС, КДБ, спэцслужбам і пракуратуры.

Лукашэнка адзначыў, што агулам узровень злачыннасьці ў Беларусі зьніжаецца, але «расьце колькасьць махлярстваў, вымаганьняў і кібэрзлачынстваў». Таксама ён падкрэсьліў, што ў Беларусі прынялі дадатковыя меры «ў апэратыўным раскрыцьці злачынстваў „экстрэмісцкай накіраванасьці“».

«Сёньня гэта найважнейшы аспэкт падтрыманьня правапарадку: спыненьне дзеяньняў адмарозкаў і прафіляктыка „аблудных“, якія яшчэ не да канца разумеюць, на што іх нацэльваюць замежныя куратары», — заявіў Лукашэнка.

  • 20 лютага ў Генпракуратуры паведамілі, што ў 2023 годзе беларускія суды разгледзелі больш за 1300 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў.
  • На сярэдзіну лютага ў Беларусі асобамі, «датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасьці», згодна са сьпісам МУС, прызналі 3765 чалавек. У пераліку «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на канец 2023 году было 169 суб’ектаў.
  • Асобна ў Беларусі існуе сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за распаўсюд і захоўваньне якіх пагражае адміністрацыйная адказнасьць. Гэта сьпіс на 840 старонак. Толькі за апошні год пад адміністрацыйны перасьлед за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіў 1391 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG