Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень прысуду ў «справе ByPol» судзьдзя Дзіна Кучук атрымала прызначэньне ў Вярхоўны суд


Вярхоўны суд
Вярхоўны суд

Раней яна ўзначальвала Менскі гарадзкі суд, які апошнім часам вынес шэраг палітычных прысудаў, што атрымалі шырокі розгалас.

Указам Аляксандра Лукашэнкі № 52 ад 15 лютага Дзіна Кучук прызначана судзьдзёй Вярхоўнага суду. Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым партале 17 лютага.

У дзень свайго павышэньня Кучук — яшчэ на пасадзе судзьдзі Менскага гарадзкога суду — вынесла рашэньне ў палітычна матываванай крымінальнай справе ў дачыненьні заснавальнікаў, прадстаўнікоў і экс-удзельнікаў аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol. Яна завочна прысудзіла Аляксандра Азарава да 25 гадоў пазбаўленьня волі, Мацьвея Купрэйчыка, Уладзімера Жыгара, Ігара Лобана і Алега Талерчыка — да 12, Андрэя Астаповіча — да 11 гадоў.

Кучук вынесла шэраг прысудаў і іншым палітвязьням: экспэртам Валерыі Касьцюговай і Тацяне Кузінай, навукоўцу Юрыю Адамаву, фігуранту «справы фонду „Краіна для жыцьця“» Антону Сташэўскаму, а таксама іншым.

Акрамя таго, Лукашэнка прызначыў (або даручыў перазаключыць зь імі кантракты) 37 судзьдзяў раённага, гарадзкога і абласнога ўзроўняў. Як падлічыў «Позірк», ня менш як 15 зь іх фігуруюць у справаздачах праваабаронцаў, як судзьдзі, якія прымалі рашэньні ў палітычна матываваных справах, пераважна адміністрацыйных.

Згодна з указам, восем судзьдзяў вызваленыя ад пасад, у тым ліку сем — у сувязі з выхадам у адстаўку, адзін — праз уласнае жаданьне. Рашэньні ў справах з палітычнай афарбоўкай выносілі сама меней трое.

Сярод іх выбіваецца Мікалай Кміта з суду Баранавіцкага раёну і Баранавічаў. Зь лета 2020 году ён вынес ня менш як 78 рашэньняў у адміністрацыйных («парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў», «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і крымінальных справах («абраза» і «паклёп» на чыноўнікаў, у тым ліку на Аляксандра Лукашэнку, «гвалт або пагрозы прымяненьня гвалту», «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці» ды інш.).

З уласнага жаданьня пакінуў пасаду Валер Цыбульскі з суду Фрунзэнскага раёну Менска (да гэтага ён быў старшынём суду Сьвіслацкага раёну Горадзенскай вобласьці). За ім цягнецца пяць рашэньняў, у тым ліку адзін прысуд у крымінальнай справе — у дачыненьні настаўніка ангельскай мовы Вячаслава Караткевіча. Цыбульскі прызнаў яго вінаватым у паклёпе на Лукашэнку і прыгаварыў да 1,5 года пазбаўленьня волі. Праваабаронцы прызнавалі Караткевіча палітвязьнем, мужчына выйшаў на волю ў сьнежні 2022 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG