Урад Беларусі зацьвердзіў палажэньне аб патрабаваньнях да бясьпекі на чыгуначнай інфраструктуры, якія абавязаны выконваць уласьнікі чыгункі і перавозчыкі.
Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, гэты дакумэнт распрацаваны і зацьверджаны для рэалізацыі дамовы з Расеяй аб узаемадзеяньні ў сфэры транспартнай бясьпекі", падпісанай 19 лютага 2021 году.
У дакумэнце вызначаныя тры ўзроўні пагрозы транспартнай бясьпецы:
- узровень № 1 — сталы ўзровень пагрозы пры адсутнасьці інфармацыі, на падставе якой можна абвясьціць больш высокі ўзровень небясьпекі
- узровень № 2 — узровень, пры якім ёсьць непацьверджаная інфармацыя аб пагрозе акту незаконнага ўмяшаньня, у тым ліку пры выяўленьні сродкаў для ажыцьцяўленьня ўмяшаньня, а таксама пры выяўленьні тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасьці, зьвязанай з далейшым незаконным умяшаньнем
- узровень № 3 — узровень, пры якім ёсьць пацьверджаная інфармацыя аб магчымай дывэрсіі.
У пастанове адзначаецца, што ўзроўні № 2 і № 3 транспартнай бясьпекі аб’ектаў інфраструктуры і транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту вызначаюцца рашэньнем кампэтэнтных органаў унутраных спраў на падставе інфармацыі, якую яны маюць аб імаверным незаконным умяшаньнем.
Згодна з пастановай, ва ўсіх лякаматывах, маторных, прычэпных і пасажырскіх вагонах, зробленых пасьля 1 студзеня 2023 году, а таксама тых, што прайшлі пасьля 31 сьнежня 2021 году капітальны рамонт, павінны ўсталяваць сродкі відэаназіраньня.
У прыватнасьці, камэры ўсталююць у лякаматывах унутры кабіны і адначасова для забесьпячэньня агляду чыгуначных шляхоў, а таксама ў салёнах і тамбурах вагонаў. Апроч таго, у цягніках павінны знаходзіцца сродкі апрацоўкі і назапашваньня відэаінфармацыі з магчымым яе захоўваньнем цягам 30 содняў.
Апроч таго, урад Беларусі вызначыў пералік рэчываў і прадметаў, якія забаранілі ўносіць на аб’екты чыгуначнай інфраструктуры і перавозіць у цягніках. Сярод іх:
- стралковая зброя або яе імітацыя
- газавая ці пнэўматычная зброя
- боепрыпасы любога кшталту
- аэразольныя балёнчыкі з рэчывамі раздражняльнага дзеяньня
- выбуховыя рэчывы і іх імітацыя
- лёгкаўзгаральныя рэчывы
- біялягічна небясьпечныя і радыеактыўныя рэчывы
- атрутныя рэчывы
- наркатычныя сродкі, псыхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналягі.
У той жа час гэтая забарона ня будзе распаўсюджвацца на адпаведныя грузы пры перавозцы чыгункай, а таксама на асобаў, якія маюць права на захоўваньне і нашэньне спэцыяльных сродкаў, зброі ці боепрыпасаў.
У кастрычніку 2023 году пасьля інцыдэнтаў на чыгунцы ўрад Беларусі зацьвердзіў парадак, як інфармаваць аб пагрозах нападаў на транспартную інфраструктуру.
З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі і Расеі пэрыядычна адбываліся інцыдэнты на чыгунцы, у выніку якіх адбываліся збоі ў пастаўцы вайсковай тэхнікі і жывой сілы расейскай арміі ва Ўкраіну. Улады Беларусі адпомсьцілі ім прастрэленымі нагамі, драконаўскімі турэмнымі тэрмінамі і пагрозай расстраляць, калі яны толькі падумаюць паўтарыць.
У Беларусі першыя «рэйкавыя партызаны» зьявіліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2020 году стала вядома пра дзясяткі затрыманьняў людзей, якія нібыта шкодзілі чыгуначныя шляхі, абкручвалі дротам рэйкі.
Улады Беларусі прадстаўлялі гэтыя дзеяньні як барацьбу пратэстоўцаў з рэжымам Лукашэнкі. Тады іх забіралі паводле «рэйкавага» артыкулу 309 КК («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»). Фігуранты атрымлівалі па 2-4 гады калёніі. Тэрмінаў у 20 гадоў, як і гаворкі пра «тэрарызм», тады не было. Праўда, бабруйскім «рэйкавым партызанам», якіх затрымалі да 24 лютага 2022 году, а судзілі ўжо пасьля гэтай даты, далі па 14-16 гадоў.