Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы беларусаў у расейскім сьпісе на вышук: жаўнеры-добраахвотнікі, блогеры, палітыкі

абноўлена

Шаўрон палка імя Кастуся Каліноўскага
Шаўрон палка імя Кастуся Каліноўскага

Зьявілася падрабязная база іншаземцаў, якія знаходзяцца ў базе МУС Расеі. Агулам у сьпісе 3186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі.

Добраахвотнікі-беларусы

У сьпісе асоб, якіх шукае МУС Расеі, знаходзяцца тысячы замежных грамадзян. Незалежнае расейскае выданьне «Медиазона» высьветліла імёны 396 чалавек з 36 краін сьвету, якія зьмешчаныя ў базу зь відавочна палітычных матываў. Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін у лютым гаварыў пра справы, заведзеныя супраць 593 іншаземцаў, якія прадстаўляюць 46 краін.

«Арыентуючыся на падразьдзелы МУС Масквы, мы выявілі ў вышуку больш за 700 іншаземцаў, якія наўрад ці апынуцца ў Расеі, але тым ня менш знаходзяцца тут пад сьледзтвам зь відавочна палітычных матываў», — піша выданьне.

У базе ёсьць некалькі тысяч беларусаў, многія зь іх фігуравалі раней у так званым «сьпісе Рыбара», які падаваў імёны добраахвотнікаў на баку Ўкраіны ў вайне. У базе імёны некалькіх каліноўцаў: гэта Дзяніс Прохараў, Вадзім Кабанчук, Ян Мельнікаў, Дзяніс Урбановіч і іншыя.

Ёсьць у сьпісе і загінулыя байцы Павал Горбач і Эдуард Лобаў.

Акрамя іх, у крымінальным вышуку знаходзяцца Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, якія ваявалі за Ўкраіну і трапілі ў расейскі палон яшчэ ў чэрвені 2022 году.

Сярод замежных добраахвотнікаў украінскага войска ў вышуку больш за ўсё грамадзян Грузіі — 100 чалавек. Грамадзян Вялікай Брытаніі — 93, беларусы на трэцяй пазыцыі.

Журналісты і блогеры

Ёсьць блогеры — Сяргей Бяспалаў, кіраўнік Nexta Сьцяпан Пуціла і ягоны былы паплечнік Ян Рудзік.

У расейскай базе знаходзяцца як мінімум два галоўныя рэдактары беларускіх незалежных СМІ: Павал Сьвярдлоў з «Эўрарадыё» і Сьвятлана Гарда з Media-Polesye. Таксама ў вышуку дырэктар Malanka.Media Павал Марыніч і вядоўца Кацярына Ерусалімская.

Акрамя таго, у сьпісе знайшліся журналісты Яўген Валошын, Ганна Любакова, Алена Шабуня, пераможца World Press Photo Надзея Бужан, рэдактар orsha.eu Ігар Казьмярчак, паліталягіня Кацярына Шмаціна.

Палітыкі

У сьпіс трапілі прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык і Вольга Гарбунова, экс-амбасадар у Аргентыне і сябра НАУ Уладзімер Астапенка, дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі і Франак Вячорка.

Сама Ціханоўская ў сьпісе была, але затым зь невядомых прычын яе адтуль прыбралі.

Праваабаронцы

Расейскі МУС шукае і беларускіх праваабаронцаў, якія фіксавалі парушэньні правоў чалавека і Канстытуцыі Беларусі. Гэта прадстаўнікі «Вясны» Натальля Сацункевіч, былыя палітзьняволеныя Леанід Судаленка і Марыя Тарасенка.

Таксама ў вышуку горадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч і асуджаны да 8 гадоў калёніі завочна Зьміцер Салаўёў.

Справы за знос савецкіх помнікаў

Асобным разьдзелам у вышуку праходзяць тыя, хто спрычыніўся да зносу помнікаў савецкай эпохі ў сваіх краінах. У базе імёны дзясяткаў палітыкаў. У прыватнасьці гэта экс-мэр Рыгі Мартыньш Стакіс, на якога раней завялі крымінальную справу ў Беларусі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга каля мэрыі замест чырвона-зялёнага. Таксама ў расейскім вышуку экс-міністарка ўнутраных спраў Марыя Голубева і 67 дэпутатаў латвійскай Саэймы, якія галасавалі за знос савецкіх помнікаў, і 15 сяброў Рыскай гарадзкой рады.

У вышуку прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас і дзяржаўны сакратар Таймар Пэтэркап.

У сьпісе некалькі дзясяткаў літоўскіх палітыкаў, у тым ліку міністар культуры Сіманас Кайрыс і экс-мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус, мэр Клайпеды Арвідас Вайткус і 16 дэпутатаў клайпедзкай рады.

Сярод польскіх палітыкаў у вышуку нацыянальны скарбнік Караль Рабэнда і мэр Валбжыха Роман Шэлэмэй. Сярод украінскіх — мэры Луцку і Роўнага Ігар Палішчук і Аляксандар Трацяк адпаведна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG