Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аўкцыён выставілі нерухомасьць Валера Цапкалы, кватэру ў Менску з парковачным месцам


Валер Цапкала, архіўнае фота
Валер Цапкала, архіўнае фота

Раней улады арыштавалі і прадалі менскую кватэру ўдзельнікаў выбараў 2020 году Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх.

На электронным аўкцыёне «БелЮрЗабеспячэньне» выставілі на продаж нерухомасьць удзельніка выбарчай кампаніі 2020 году Валера Цапкалы — трохпакаёвую кватэру з машына-месцам у Менску, піша «Люстэрка».

Кватэра знаходзіцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага. У ёй зарэгістраваны адзін чалавек.

Даўжніком лічыцца Цапкала Валеры Вільямавіч. Адзначаныя абцяжараньні: арышт сьледчых органаў, забарона рэгістрацыйных дзеяньняў органа рэгістрацыі, судовага выканаўцы.

Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі выявілася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.

6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які мусіў быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «усебеларускаму нацыянальнаму сходу».

У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.

Акрамя таго, зь яго павінны спагнаць на карысьць адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій больш за 20,67 тыс. рублёў кампэнсацыі маёмаснай шкоды. На карысьць дзьвюх асоб — па 10 тыс. кампэнсацыі маральнай шкоды кожнаму. У даход дзяржавы павінна быць спагнана больш за 2,433 млн рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG