Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабілі з дапамогай скотчу і таленту». Былыя акторы Купалаўскага тэатру прэзэнтавалі свой першы фільм


Кароткамэтражны фільм «Дух месца» прэзэнтавалі ў Варшаве. Падчас здымкаў фільма
Кароткамэтражны фільм «Дух месца» прэзэнтавалі ў Варшаве. Падчас здымкаў фільма

Кароткамэтражны фільм «Дух месца» прэзэнтавалі ў Варшаве. Ён зьняты паводле апавяданьня Зьмітра Дзядзенкі «Тры магілы Арыка Фергаса».

Сцэнарыст і рэжысэр «Духу месца» — Павал Яскевіч, у фільме здымаліся Алег Гарбуз, Яўгенія Кульбачная, Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш. Апэратарам быў Алег Кулажанка, музыка і гук Уладзімера Нейлінава, дубляж Аляксандра Зелянеўскага, мастачка па грыму Юлія Кузіна. Дапамагалі на пляцоўцы таксама Валянціна Гарцуева і Натальля Макарэц.

Гэта першая спроба зрабіць кіно сваімі сіламі, прызнаюцца самі «Купалаўцы». Кіно зьнятае цалкам на энтузіязьме, у здымачнай групы не было фінансаваньня, людзі дапамагалі «за ідэю» — мастачка па грыме прыехала адмыслова з Чэхіі, падзяліўся Павал Яскевіч.

Апавяданьне Зьмітра Дзядзенкі знайшлі ў часопісе «Мінкульт», што выдаецца ў Вільні, кажа Алег Гарбуз. Спачатку думалі зрабіць звычайнае кіно, шукалі нейкія лякацыі для здымак.

«А потым прыйшла ідэя зрабіць гэта... па-дурному. Такі экспэрымэнт. Калі нам дапамаглі з апэратарам, знайшлі пляцоўку, мы вырашылі: а чаму б нам не паспрабаваць зрабіць фільм з дапамогай скотчу і таленту?» — жартуе рэжысэр Павал Яскевіч.

Алег Гарбуз і Яўгенія Кульбачная
Алег Гарбуз і Яўгенія Кульбачная

«Аўдыёкніга зь ілюстрацыямі на тэатральнай сцэне»

Гэта камэрная стужка, цалкам зьнятая ў памяшканьні варшаўскага бару Scena Chmielna. Хоць кароткамэтражка мае працягласьць 18 хвілін, але працы было шмат, прызнаўся Павал Яскевіч.

«Эмбіентная камэдыя» — так вызначылі жанр стужкі яе стваральнікі.

«Эмбіент — гэта асяродзьдзе, навакольле. Гэта такі стыль электроннай музыкі, эмбіент — ён характарызуецца атмасфэрным, ахінальным, ненадакучлівым гучаньнем. І мне здаецца, у нас атрымалася такое ненадакучлівае кіно. Калі камэдыя, то гэта як працуе? Усе павінны весяліцца тут і цяпер. А эмбіентная камэдыя — гэта калі вы праз тыдзень будзеце сумнымі, прыгадаеце наш фільм — і на твары зьявіцца добрая ўсьмешка.

Нам хацелася зрабіць такую калябарацыю тэатру і кіно: аўдыёкніга з ілюстрацыямі на тэатральнай сцэне», — патлумачыў свае задумы рэжысэр і сцэнарыст Павал Яскевіч.

Рэжысэр Павал Яскевіч
Рэжысэр Павал Яскевіч

А Алег Гарбуз на прэзэнтацыі стужкі пажартаваў: «Эмбануты рэжысэр і ахінальнае кіно. Я вам ня раю губляць свой час і свае нэрвы. Успомні кіно, вось і яно...» — і сарваў аплядысмэнты гледачоў.

На здымках кароткамэтражнага фільму «Дух месца», які прэзэнтавалі ў Варшаве
На здымках кароткамэтражнага фільму «Дух месца», які прэзэнтавалі ў Варшаве

Містычная гісторыя пра тры магілы аднаго героя

Пра што кіно? Галоўны пэрсанаж Сяргей, ролю якога выконвае Алег Гарбуз, прыяжджае ў камандзіроўку ў беларускі гарадок, і там праз помнікі, магілы і асабіста сутыкаецца з чалавекам, які праявіў сябе па-геройску ў розныя часы.

Гісторыя першая распачалася ў музэі, куды ў выходны прыйшоў Сяргей.

«Легендарны Арык Фергас «узначальваў падпольле і кіраваў ім да канца 1942 года. Падпольшчыкі дзейнічалі і на чыгунцы, і на заводах, і нават у гарадзкой управе. Але агент гестапа здолеў трапіць у іх шэрагі і выдаў патрыётаў», — са сьлязамі на вачах расказвае экскурсавод Галіна, якую сыграла Яўгенія Кульбачная.

Яна паказала Сяргею і помнік на плошчы Арыку Фергасу, які «загінуў у 1942 годзе ад рук фашысцкіх захопнікаў».

Андрэй Дробыш у ролі Фергаса
Андрэй Дробыш у ролі Фергаса

Гісторыю другога Арыка Фергаса, які «загінуў ад рук белапалякаў у 1920-м» распавёў Сяргею мясцовы «змагар Цімур, фатограф недзяржаўнай газэткі» — так прадставіла яго экскурсаводка з музэю. (ролю Цімура выконвае актор Сяргей Чуб). Ён паказаў іншую магілу чырвонага падпольшчыка Арыка Фергаса, што «загінуў ад рук белапалякаў у 1920 годзе».

«Але не маглі камуністы не збрахаць, — кажа Цімур і распавядае, як гвардзейца Фергаса забілі свае ж чырвонаармейцы. — Пісаць, як камуніст загінуў у баі з чырвонаармейцамі, было палітычна няправільна, таму на магіле і напісалі: «загінуў ад рук белапалякаў», — патлумачыў ён праўду Сяргею.

Трэці Арык Фергас, магілу якога Сяргей знайшоў выпадкова на тых жа самых могілках, «загінуў ад рук царскіх жандараў у 1905 годзе».

Мясцовы змагар і фатограф недзяржаўнай газэткі Цімур кажа, што можна было б «забубеніць» прыгожую гарадзкую легенду пра «Дух Месца»:

«Дух Месца зьяўляецца ў цяжкую часіну выпрабаваньняў, дапамагае гараджанам, а потым зноў зьнікае...», — па-філязофску разважае Цімур.

На здымках фільма
На здымках фільма

«Мой твор, мае пэрсанажы здольныя натхніць іншых творцаў на імправізацыю»

Аўтар апавяданьня «Тры сьмерці Арыка Фергаса» Зьміцер Дзядзенка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Я ня меў ніякага дачынення да стварэньня стужкі: не пісаў сцэнара, ня ўдзельнічаў у кастынгу, не абмяркоўваў з рэжысэрам аніводнага моманту фільма. Што атрымалася — пабачыў разам зь іншымі гледачамі. Я вам прызнаюся: я задаволены, як звярушка слонь.

Па настроі гэта атрымаўся іншы твор, чым пісаў я. Па некаторых пэрсанажах — іншы. І я — за-да-во-ле-ны!

Гэта значыць, мой твор, мае пэрсанажы здольныя натхніць іншых творцаў на імправізацыю па матывах майго твора. Ці ж гэта кепска?!» — так ацаніў першы фільм «Купалаўцаў» аўтар апавяданьня Зьміцер Дзядзенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG