Кіраўнік Горадзенскай вобласьці Ўладзімер Каранік запісаў віншавальны відэазварот да кітайцаў у сувязі х іхным сьвятам. Разам зь ім на запіс у студыю прынесьлі ігуану Асю з горадзенскага заапарку. Чыноўнік назваў яе жывым сымбалем году зялёнага драўлянага цмока, піша Hrodna.life. Цмок — сымбаль 2024 году па ўсходнім календары.
Уладзімер Каранік выказаў надзею, што новы год стане годам «пашырэньня стратэгічнага партнэрства паміж Беларусьсю і Кітаем», прынясе ўзаемавыгадныя праекты на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях.
Выступленьне Караніка суправаджалася субтытрамі на кітайскай. А ў канцы ён нават сказаў адну фразу на гэтай мове.
Цяпер па ўсходнім календары надыйшоў 4721 год. Кітайцы сьвяткуюць яго надыход з 10 па 24 лютага. Гэта сьвята месяцовага календара, таму кожны год яго даты ў грыгарыянскім календары мяняюцца.
Кітайцы і Горадня
Горадзенскія ўлады зьвязвалі вялікія надзеі на адраджэньне гатэлю «Гродна» з кітайскім інвэстарам. Ён выкупіў 16-павярховы будынак у 2016 годзе, але да 2020 году рэканструкцыю прыпынілі. У 2024-м стала зразумела, што грошай у кітайскіх уладальнікаў няма. Рэканструкцыю будуць завяршаць у рамках інвэстыцыйнага праекту па праграме «Беларусь гасьцінная».
Яшчэ адзін кітайскі інвэстар наведваўся ў 2023 годзе ў Сьвіслацкі раён. Там ён прыглядаў пляцоўку для адкрыцьця фэрмы для біткоінаў.