Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса: Адчуваю віну, што не пасьпеў дамагчыся ўступленьня Беларусі і Ўкраіны ў NATO


Лех Валэнса, архіўнае фота 2023 году
Лех Валэнса, архіўнае фота 2023 году

Колішні прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса наведаў Вашынгтон і падчас сустрэчы ў рамках праекту аналітычнага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS) «Росквіт і разьвіцьцё» падзяліўся сваімі думкамі пра тое, што адбываецца ў Эўропе і сьвеце, і заклікаў да падтрымкі Ўкраіны і барацьбы з сусьветнымі аўтакратыямі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Сярод іншага, падчас свайго выступу, Лех Валэнса згадаў і Беларусь. Былы польскі прэзыдэнт прызнаўся, што «адчувае віну» за тое, што «не пасьпеў за сваю кадэнцыю дамагчыся рашэньня аб уступленьні Беларусі і Ўкраіны ў NATO», засяродзіўшыся на роднай Польшчы.

«Расея насамрэч не любіла Польшчу нават больш, чым Украіну. І зараз „нашае месца“ заняла Ўкраіна. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ўкраінцам. Гэта вельмі сьмелыя людзі. Яны змагаюцца за сваю і нашую свабоду. Расея была б рада нанесьці ўдар па Амэрыцы, але ў нейкім сэнсе гэтаму супрацьстаіць Украіна», — заявіў Лех Валэнса.

Ён заклікаў ЗША працягваць надаваць ваенную дапамогу Ўкраіне і «вылучаць больш рэсурсаў на інфармацыйны супраціў».

«Сёньня, у новай барацьбе ў якой мы ўдзельнічаем, Злучаныя Штаты павінны лепей змагацца з прапагандай », — сказаў Валэнса, заклікаючы зьвяртацца да расейцаў і даваць ім праўдзівую інфармацыю пра вайну Расеі ва Ўкраіне.

На думку Валэнсы, «думка аб тым, што Расея сёньня безнадзейная — няправільная», а «гістарычны вопыт паказвае, што адносіны паміж народамі мяняюцца».

«Першы доказ — мы (палякі) таксама ваявалі з Украінай. Стралялі адзін у аднаго. Паглядзіце, наколькі мы сябруем з Украінай сёньня. Гэта можа адбыцца і з Расеяй, калі вы прыслухаецеся да маёй парады і прыслухаецеся да досьведу салідарнасьці. Другі доказ — войны заўсёды былі і будуць. Дзьве сусьветныя войны пачаліся ў Эўропе. А колькі рэвалюцый? Аднак паглядзіце, мы сёньня прыбралі межы ў Эўропе», — сказаў ён.

Пры гэтым, гаворачы пра цяперашнюю Расею і яе вайну супраць Украіны, Валэнса адзначыў, што «Ўкраіна можа перамагчы», аднак «праз 20 гадоў Расея зноў падымецца і зноў нападзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG