Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэму «Курган» Янкі Купалы пераклалі на марыйскую мову


Значок з выявай Янкі Купалы на кашулі, архіўнае фота
Значок з выявай Янкі Купалы на кашулі, архіўнае фота

Пераклад зьявіўся ў мастацкім часопісе «Ончыко» («Наперад»).

На старонках выданьня, якое ўжо шмат дзесяцігодзьдзяў прапагандуе марыйскую літаратуру і марыйскую мову, апошнім часам штогод друкуюцца пераклады твораў беларускіх паэтаў і празаікаў, піша «Звязда». У прыватнасьці, надрукаваны вершы, апавяданьні, казкі Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Рыгора Барадуліна, Навума Гальпяровіча, Алега Ждана, Міколы Мятліцкага.

Новая публікацыя — паэма «Курган» народнага песьняра Беларусі Янкі Купалы ў перакладзе на марыйскую мову, які зрабіў Анатоль Ціміркаеў. Паэма друкуецца ў трэцім, сакавіцкім нумары «Ончыко».

Створаная болей як стагодзьдзе таму, паэма-баляда Купалы «Курган» (упершыню надрукавана ў газэце «Наша ніва» 2 чэрвеня 1912 году) перакладзена на многія мовы народаў сьвету — расейскую (існуе некалькі перакладаў — М. Браўна, С. Гарадзецкага, Н. Кісліка і іншых паэтаў), узбэцкую (перакладчык Міртэмір), асэтынскую (А. Пухаеў), баўгарскую (Н. Вылчаў), кітайскую (Чжу Цзі)...

Марыйскі паэт і перакладчык Анатоль Ціміркаеў — вядомы ў Расеі, у Марый Эл літаратар. Нарадзіўся ў 1952 годзе. Друкуецца з 1965 году. У свой час займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Ончыко».

«Я пад уражаньнем купалаўскай творчасьці, — пракамэнтаваў літаратурную падзею Анатоль Ціміркаеў. — „Курган“ захапіў усю маю сьвядомасьць. І праз стагодзьдзе чуцен боль, чуцен стогн ня толькі гусьляра, народнага музыкі, чуцен голас мастацтва, якое ў сваёй шчырасьці і неабыякавасьці заўжды абуджае народ, даносіць да яго праўду. Зараз я працую над перакладамі паэзіі сучасных беларускіх паэтаў. Бліжэйшым часам зьявяцца новыя публікацыі, якія адкрыюць марыйскаму чытачу шмат новага і цікавага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG