Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, якога ў Армэніі арыштавалі на запыт сілавых органаў Беларусі, зьвярнуўся па палітычны прытулак


Яраслаў Новікаў, архіўнае фота
Яраслаў Новікаў, архіўнае фота

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

Грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў, якога затрымалі ў Армэніі на запыт сілавых структур Беларусі, зьвярнуўся да армянскіх уладаў па атрыманьне палітычнага прытулку.

«Я ўчора ўвечары сустрэўся зь Яраславам. У яго ўсё нармальна, ніякіх праблемаў няма. Мы параіліся, і ён ужо падаў заяву аб наданьні прытулку, таму што ёсьць сур’ёзныя асьцярогі аб ягоным перасьледзе ў выпадку перадачы Беларусі і новых абвінавачаньнях», — паведаміў Свабодзе праўнік Хэльсынскай асацыяцыі ў Армэніі Араік Папік’ян, які прадстаўляе інтарэсы Яраслава Новікава.

Адвакат дадаў, што Яраслаў Новікаў выканаў усе працэдурныя патрабаваньні заканадаўства Армэніі аб звароце па палітычны прытулак.

«Заяву ўжо падалі і выканалі ўсе неабходныя працэдуры і рэглямэнты — Яраслаў зьвярнуўся з такой заявай цягам 15 дзён пасьля ягонага затрыманьня», — патлумачыў ён.

Араік Папік’ян паведаміў, што 8 лютага накіруе ў апэляцыйны суд у Ерэване скаргу на рашэньне суду першай інстанцыі аб арышце Яраслава Новікава на 40 дзён.

«Мы будзем хадайнічаць аб разглядзе апэляцыі ў вусным парадку, але ў гэтым пытаньні мусіць быць асобнае рашэньне судзьдзі, які будзе разглядаць скаргу. Судзьдзя мае права адхіліць такое хадайніцтва і праводзіць пасяджэньне ў пісьмовым парадку пры адсутнасьці бакоў. Для справядлівасьці, вядома ж, разгляд у вусным парадку будзе больш справядлівым і аб’ектыўным», — удакладніў адвакат Яраслава Новікава.

Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй, калі высьветлілася, што яго ўлады Беларусі абвясьцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.

Яраслаў Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Замест гэтага ён адправіўся ў суседнюю Армэнію, каб падацца на візу там.

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

Што вядома пра ранейшыя аналягічныя выпадкі

Вядома пра некалькі выпадкаў затрыманьня грамадзян Беларусі ў Армэніі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманьні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі, часова выехаўшы ў Армэнію.

У студзені 2023 году Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Армэнія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле вэрсіі сьледчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць першапачаткова яго абвінавацілі ў растраце ў вялікіх памерах.

Пра іншыя выпадкі перадачы Беларусі затрыманых у Армэніі беларусаў невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG