Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 15 сутак арышту выйшла на волю жонка палітвязьня Статкевіча Марына Адамовіч


Марына Адамовіч. Архіўнае фота
Марына Адамовіч. Архіўнае фота

Пра затрыманьне жонкі палітвязьня Міколы Статкевіча Марыны Адамовіч стала вядома 23 студзеня.

Як стала вядома Свабодзе ад сяброў Марыны Адамовіч, 7 лютага яна выйшла на волю.

Марыну Адамовіч затрымалі 23 студзеня, у той дзень сілавікі прыйшлі больш як да 220 сем’яў палітвязьняў па ўсёй Беларусі.

24 студзеня яе арыштавалі на 15 дзён.

Муж Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 4 гады. 14 сьнежня 2021 году яму вынесьлі прысуд: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.

Апошні ліст родным Статкевіч даслаў 9 лютага, з таго часу ад яго няма ніякіх вестак.

Што вядома пра Статкевіча

У студзені стала вядома, што Статкевіч, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 13 (Глыбокае, Віцебская вобласьць), зьмешчаны ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol паведаміла, што ў калёніі Статкевіч «у мінулым годзе неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнаньням, акрамя таго, на яго сабраны матэрыял для крымінальнай справы паводле арт. 411 КК („Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы“)».

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 году ў Менску. 14 сьнежня 2021 году суд пакараў яго 14 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

31 траўня 2022 году Вярхоўны суд пакінуў вырак бязь зьменаў. 20 чэрвеня таго ж году Статкевіч быў пераведзены з Гомельскага сьледчага ізалятара № 3 у папраўчую калёнію № 13, адміністрацыя якой паставіла яго на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні зьмясьціла на паўгода ў адзіночную камэру, у верасьні — у штрафны ізалятар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG