Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Эстоніі не падоўжылі дазволу на жыхарства мітрапаліту РПЦ Яўгенію. Ён выехаў у Расею


Мітрапаліт Талінскі і ўсёй Эстоніі Яўгеній (Валерый Рашэтнікаў), архіўнае фота
Мітрапаліт Талінскі і ўсёй Эстоніі Яўгеній (Валерый Рашэтнікаў), архіўнае фота

6 лютага Валерый Рашэтнікаў пакідае тэрыторыю Эстонію. Раней ён заяўляў, што нават пасьля вяртаньня ў Расею ён прадоўжыць кіраваць Эстонскай праваслаўнай царквой.

Мітрапаліт Талінскі і ўсёй Эстоніі Яўгеній (Валерый Рашэтнікаў), які ўзначальвае Расейскую праваслаўную царкву ў Эстоніі, вяртаецца ў Расею ў сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня дазволу на пражываньне.

Як паведаміла эстонскае выданьне Err.ee, 5 лютага ўлады паведамілі мітрапаліту РПЦ аб тым, што яму не падоўжаць часовы дазвол на пражываньне.

Дэпартамэнт паліцыі і памежнай аховы Эстоніі патлумачыў адмову ў падаўжэньні дазволу на пражываньне тым, што Валерый Рашэтнікаў нясе пагрозу бясьпецы дзяржавы — ён не асудзіў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Кіраўнік Эстонскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату жыў у Таліне чатыры гады — яму двойчы выдавалі дазвол на пражываньне ў Эстоніі цягам двух гадоў. Блізкіх сваякоў у Эстоніі Валерый Рашэтнікаў ня мае. У той жа час ён можа абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе.

Эстонская праваслаўная царква паведаміла, што 6 лютага Валерый Рашэтнікаў пакідае тэрыторыю Эстоніі. Раней ён заяўляў, што нават пасьля вяртаньня ў Расею ён працягне кіраваць Эстонскай праваслаўнай царквой.

Эстонія ў чэрвені мінулага году забараніла ўезд у краіну патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу. Кіраўнік МЗС краіны Маргус Цахкна назваў патрыярха «найбуйнейшым прыхільнікам» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паводле эстонскага міністра, кіраўнік РПЦ таксама падтрымлівае поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, а ў Эстоніі людзям з такой пазыцыяй «ня рады».

Санкцыі супраць патрыярха РПЦ увялі таксама Літва, Вялікая Брытанія, Канада і Чэхія.

Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла патрыярха Кірыла ў вышук. На думку сьледзтва, патрыярх «уваходзіць у найбліжэйшае атачэньне найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і адным зь першых публічна падтрымаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG