Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін штуршок да эміграцыі. Ці будуць садзіць за краты «дармаедаў»?


Пратэст у Бабруйску ў 2017 годзе супраць тагачаснага ўказу, якім уводзіўся падатак на «дармаедзтва»
Пратэст у Бабруйску ў 2017 годзе супраць тагачаснага ўказу, якім уводзіўся падатак на «дармаедзтва»

Начальнік міліцыі Горадзенскай вобласьці Зьміцер Разянкоў заявіў, што МУС плянуе накіраваць у Палату прадстаўнікоў, а таксама агучыць на «ўсебеларускім народным сходзе» прапанову вярнуць у Крымінальны кодэкс артыкул за дармаедзтва. Ці сапраўды ў Беларусі зноў, як і ў савецкі час, будуць судзіць тых людзей, якія зь нейкіх прычынаў не працаўладкаваныя? І дзеля чаго гэта патрэбна ўладзе?

Сьцісла:

  • Барацьба цяперашняга рэжыму з дармаедамі мае працяглую гісторыю.
  • У краіне зьявіўся дэфіцыт працоўных рук. Адзіны і ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любых праблем, які выкарыстоўвае дзейны рэжым, – гэта гвалт, прымус.
  • Эвалюцыя палітычнай сыстэмы ў бок таталітарызму заканамерным чынам падводзіць да гэтай ідэі.
  • Пэрманэнтная барацьба з дармаедзтвам выцякае з самой прыроды патэрналісцкай дзяржавы, якая існуе ў Беларусі.
  • Калі ўсіх, хто ня мае афіцыйнай працы, садзіць за краты, то трэба будаваць цэлую сыстэму калёній, лягераў, ствараць беларускі Архіпэляг ГУЛАГ.

Барацьба існага рэжыму з дармаедамі мае працяглую гісторыю. Яшчэ ў 2014 годзе МУС выступіла з ініцыятывай прыняць заканадаўчы акт, які дазваляе прыцягваць да прымусовага працаўладкаваньня тых грамадзян, якія зь нейкіх прычынаў не працуюць. Аляксандар Лукашэнка падтрымаў гэтую прапанову. На адмысловай нарадзе ён казаў: «Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!».

Аднак, калі гэтая ідэя дайшла да практычнай рэалізацыі, то яе зьмест моцна памяняўся. Прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году не прадугледжваў ні пакараньня, ні прымусовага працаўладкаваньня грамадзян, якія не працуюць. Дакумэнтам уводзіўся падатак за дармаедзтва, які называўся «зборам». Лукашэнка тлумачыў, што гэты заканадаўчы акт «не зьяўляецца ні эканамічным, ні фінансавым», «гэта ідэалягічны, маральны дэкрэт», закліканы аднавіць сацыяльную справядлівасьць.

Дэкрэт пачаў рэалізоўвацца ў 2017 годзе. Ён закрануў 470 тысяч чалавек. Ва ўмовах масавага беспрацоўя ў рэгіёнах дэкрэт ударыў па людзях, якія апынуліся ў бядзе. Атрымалася, што ўлады ня толькі не дапамагаюць беспрацоўным, а яшчэ прымушаюць іх плаціць штраф. Насельніцтва палічыла гэта дзікай несправядлівасьцю, па ўсёй краіне пачаліся акцыі пратэсту.

У выніку Лукашэнка быў вымушаны прыпыніць дзеяньне дэкрэту. У новым варыянце ён прадугледжваў, што грамадзяне, якія не працуюць, павінны аплочваць поўны кошт камунальных паслуг — без усялякіх ільгот. У такім выглядзе, зь невялікімі зьменамі, дакумэнт дзейнічае і сёньня.

І вось цяпер МУС захацела вярнуцца да старой ідэі: увесьці ў Крымінальны кодэкс артыкул за дармаедзтва. Чаму раптам? Думаецца, на тое ёсьць дзьве прычыны.

Па-першае, у краіне зьявіўся дэфіцыт працоўных рук. Масавая эміграцыя з краіны плюс «дэмаграфічная яма» прывялі да таго, што ў некаторых галінах эканомікі і сацыяльнай сфэры існуе шмат незапоўненых вакансій. Адзіны і ўнівэрсальны спосаб вырашэньня любых праблем, які выкарыстоўвае дзейны рэжым, гэта гвалт, прымус, закручваньне гаек. Няма каму працаваць? Давайце павялічым тэрмін адпрацоўкі пасьля заканчэньня навучальнай установы, пачнем караць за дармаедзтва.

Па-другое, эвалюцыя палітычнай сыстэмы ў бок таталітарызму заканамерным чынам падводзіць да гэтай ідэі. Зьявіцца дадатковая падстава садзіць за краты неляяльных грамадзянаў, бо людзям, якія трапілі ў «чорныя сьпісы» як палітычна нядобранадзейныя, амаль немагчыма знайсьці працу (асабліва ў правінцыі).

Не выпадкова той жа начальнік міліцыі Горадзенскай вобласьці Зьміцер Разянкоў апэлюе да савецкага досьведу. Калі вяртацца ў СССР, то па ўсіх кірунках: палітычны тэрор, выбары як сьвята, «знак якасьці» на вытворчасьці, турма за дармаедзтва. Што далей?

Тут варта заўважыць, што пэрманэнтная барацьба з дармаедзтвам іманэнтна выцякае з самой унутранай прыроды патэрналісцкай дзяржавы, якая існуе ў Беларусі. Ідэалягічны канструкт такой дзяржавы грунтуецца на тым, што ўсе павінны працаваць на карысьць грамадзтва (насамрэч, дзяржавы), а ўжо ўлады ад імя народу потым аддзячаць, падзеляць атрыманыя выгады паміж падданымі. Паколькі ўлада вялікай лыжкай раздае, дзеліць на ўсіх баланду, то яна лічыць, што мае права патрабаваць, каб кожны грамадзянін добрасумленна зарабляў сваю пайку. Хто гэтага ня робіць, той сацыяльны ўтрыманец, чужы элемэнт у патэрналісцкай сыстэме, да якога трэба прымяняць меры прымусу. І сацыяльная дзяржава натуральным чынам ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву.

Аднак ёсьць вялікае адрозьненьне сёньняшняй Беларусі ад СССР, дзе існавала крымінальная адказнасьць за дармаедзтва. Беларусь — гэта краіна з рынкавай эканомікай (няхай гэты рынак і існуе зь вялікімі скажэньнямі). У 2021 г. у арганізацыях са стопрацэнтнай доляй дзяржавы (бюджэтнікі плюс занятыя на дзяржаўных камэрцыйных прадпрыемствах) працавалі 38,7% занятых, а на прадпрыемствах са стопрацэнтнай прыватнай уласнасьцю — 44,6%. А ў рынкавай эканоміцы чалавек можа атрымліваць даход, не працуючы ў звычайным разуменьні. Напрыклад, жыць за кошт акцый пасьпяховай кампаніі ці за працэнты ад банкаўскага ўкладу і інш. Калі чалавек плаціць падаткі, то нічога не парушае. І які ж ён у такім разе ўтрыманец?

Калі гаварыць пра наступствы практычнай рэалізацыі гэтай ідэі, то яны, відавочна, нэгатыўныя. Вышэй згадвалася, што ў 2017 годзе ў Беларусі знайшлі 470 тысяч дармаедаў. Можна меркаваць, што і цяпер іх колькасьць будзе блізкай да гэтай лічбы. Калі ўсіх гэтых людзей садзіць за краты, то трэба будаваць цэлую сыстэму калёній, лягераў, ствараць беларускі Архіпэляг ГУЛАГ.

Можна прагназаваць, што, калі такога кшталту закон будзе прыняты, то эміграцыя з краіны толькі павялічыцца. І зноў, як і ў 2017 годзе, увесь дзяржаўны апарат будзе паралізаваны дадатковай працай — пошукам дармаедаў.

Пра рэпутацыю краіны ў гэтым выпадку нават успамінаць ня варта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG