Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцёра ўдзельнікаў рок-гурту «Бі-2» вылецелі з Тайлянду ў Ізраіль


Выступ гурту «Бі-2» у Тайляндзе
Выступ гурту «Бі-2» у Тайляндзе

Шасьцёра ўдзельнікаў групы «Бі-2», якіх затрымалі ў Тайляндзе, 31 студзеня змаглі вылецець у Ізраіль. Такім чынам, Тайлянд пакінулі ўсе музыкі гурту.

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал гурту.

Усяго ўлады Тайлянду затрымалі семярых музыкаў «Бі-2». Адзін зь іх — саліст Ягор «Лёва» Бортнік — паляцеў у Ізраіль учора, 30 студзеня.

Пытаньне лёсу музыкаў абмяркоўвалася на ўзроўні Рады нацыянальнай бясьпекі Тайлянду. Гэтая інстытуцыя вывучала абставіны, пры якіх чальцы гурту «Бі-2» парушылі заканадаўства краіны, правёўшы канцэрты без дазволу на працу, паведамляла 31 студзеня Bangkok Post.

«Калі людзі ня робяць нічога дрэннага, мы ня можам іх экстрадаваць. Гэта рэгулюецца міжнародным правам. Але калі яны зьяўляюцца правапарушальнікамі, неабходна прыняць меры», — заявіў кіраўнік тайляндзкага МЗС Панпры Пхітханукона.

Намесьнік начальніка іміграцыйнай паліцыі Тайлянду Пантама Нутнарот адзначыў, што музыкаў арыштавалі ў поўнай адпаведнасьці з законам і працэдурай, і выключыў палітычны фактар. Пры гэтым ён выказаў сумнеў, што нехта з удзельнікаў гурту будзе экстрадаваны ў Расею.

  • Пра затрыманьне музыкаў «Бі-2» стала вядома 25 студзеня. Тады паведамлялі, што супрацоўнікі паліцыі на курорце на заходнім узьбярэжжы Пхукета затрымалі сем чалавек, прычынай арышту стала адсутнасьць дазволу на працу. Гэта былі ўдзельнікі рок-гурту «Бі-2».
  • 26 студзеня суд гораду Пхукет аштрафаваў кожнага зь іх на суму, эквівалентную 95 далярам, за тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу.
  • 28 студзеня музыкі выйшлі на сувязь і паведамілі, што яны ў міграцыйнай турме.
  • Раніцай 30 студзеня стала вядома, што чатырох зь сямі затрыманых у Тайляндзе музыкаў гурту «Бі-2» павінны былі дэпартаваць у Ізраіль. Ім ужо набылі квіткі. Аднак пасьля візыту ў цэнтар часовага ўтрыманьня іміграцыйнага бюро «высокапастаўленых дыпляматаў з расейскага консульства» гэтае рашэньне адмянілі, паведамілі ў тэлеграм-канале калектыву. З удзельнікаў групы толькі тры чалавекі маюць грамадзянства РФ.
  • 30 студзеня консульскі аддзел амбасады Расеі ў Тайляндзе заявіў агенцтву ТАСС, што трох музыкаў гурту вышлюць у Расею. Яшчэ ў двух музыкаў ёсьць расейскія і ізраільскія пашпарты, яны могуць пагадзіцца паехаць як у Расею, так і ў Ізраіль.
  • Увечары 30 студзеня саліст «Бі-2» Ягор Бортнік (Лёва) змог пакінуць Тайлянд.
  • «Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).
  • Неўзабаве пасьля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі. У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ паадмянялі або надоўга паадкладалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG