У Санкт-Пецярбургу жыхары прачнуліся раніцай ад гучных выбухаў.
Як паведаміла мясцовае выданьне fontanka.ru, гукі, падобныя на гром, пачулі адразу ў некалькіх раёнах паўночнай сталіцы Расеі.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што дзяжурныя сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі ўкраінскі дрон над тэрыторыяй Пскоўскай вобласьці.
Выданьне fontanka.ru апублікавала шэраг відэазапісаў, на якіх можна пабачыць наступствы выбуховай хвалі і пабачыць вялікі пажар. Сьцьвярджаюць, што зьбіты ўкраінскі дрон упаў на завод «Неўскі мазут», дзе загарэліся цыстэрны з палівам.
«Пацярпелых няма. Шкоды маёмасьці не было», — працытавала выданьне прадстаўніка адміністрацыі Санкт-Пецярбурга.
Пазьней зьявілася паведамленьне, што дрон над Санкт-Пецярбургам зьбілі з зэнітна-ракетнага комплексу С-400 «Трыюмф».
Праз выбухі ўлады на дзьве гадзіны спынялі працу аэрапорту «Пулкава». Цяпер ён працуе ў штатным рэжыме.
Гэта другі выпадак зьбіцьця дрона ў Ленінградзкай вобласьці. 13 студзеня ў Санкт-Пецярбургу ў выніку удару бесьпілётніка загарэўся склад інтэрнэт-крамы Wildberries.
Міністэрства абароны Ўкраіны афіцыйна не камэнтавала гэтых інцыдэнтаў. У той жа час украінскія СМІ паведамлялі са спасылкай на свае крыніцы ў вайсковай выведцы, што гэта былі апэрацыі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.