Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне аб адзінай валюце Беларусі і Расеі не стаіць — дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Мезенцаў


Дзьмітрый Мезенцаў і Аляксандар Лукашэнка, Менск, сакавік 2021 году.
Дзьмітрый Мезенцаў і Аляксандар Лукашэнка, Менск, сакавік 2021 году.

Пытаньне аб адзінай валюце ў «саюзнай дзяржаве» не стаіць — заявіў тэлеканалу «Россия-24» дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Дзьмітрый Мезенцаў.

«Сёньня дасягнуты беспрэцэдэнтны ўзровень узаемнага гандлю ў нацыянальных валютах, і пытаньне аб адзінай валюце па сутнасьці не стаіць», — цытуе Мезенцава Інтэрфакс.

Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заявіў учора, што для Расеі «будзе выгадна, калі ў саюзнай дзяржаве зьявіцца адзіная валюта». Ён нагадаў, што «ў дамове 1999 году такая опцыя ёсьць».

Разам з тым, паводле яго, да гэтага рашэньня «трэба яшчэ дайсьці з пункту гледжаньня інтэграцыі эканомік» Расеі і Беларусі. «Як мэта яна абазначаная, але гэта найвышэйшая ступень інтэграцыі», — падкрэсьліў кіраўнік Мінфіну РФ.

У чэрвені 2023 году амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты ў інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости» заявіў, што на парадку дня беларуска-расейскіх стасункаў тэмы адзінай валюты няма:

«Гэта палітычнае пытаньне, якое існавала ў момант падпісаньня нашай саюзнай дамовы ў 1999 годзе. Але сёньня гэтай тэмы няма. І два прэзыдэнты адмовіліся ад яе абмеркаваньня».

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцай Цэнтральнага банка Расеі Эльвірай Набіулінай 29 траўня таго ж года ў Менску заявіў, што стварэньне адзінай валюты саюзнай дзяржавы — «працэс няпросты і, напэўна, ня сёньняшняга дня».

Міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў 20 сакавіка заявіў на беларускім тэлебачаньні, што краіна ня будзе пераходзіць на расейскі рубель: «Пра такое нават як бы... Ніколі пра гэта гаворка проста не ішла, па вялікім рахунку. Навошта нам гэта?».

На прэс-канферэнцыі 23 сьнежня 2021 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўзровень інтэграцыі ў саюзнай дзяржаве «да гэтага часу значна ніжэйшы, чым узровень інтэграцыі ў ЭЗ, проста непараўнальна».

«Я ўжо зараз не гавару пра адзіную валюту. Бог зь ёй, гэта пытаньне, магчыма, будучыні, калі нашыя адпаведныя эканамічныя службы прыйдуць да нейкай згоды на гэты конт», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG