У Рэспубліцы Дагестан (Расея) завялі крымінальную справу паводле факту выкарыстаньня рабскай працы на цагельным заводзе ў Касьпійску.
Як паведаміла выданьне «Люстэрка», на гэтым заводзе незаконна выкарыстоўвалі працу грамадзяніна Беларусі — яго з рабскай працы выратавалі валянтэры.
«Датычна да кіраўніцтва цагельнага заводу 28 студзеня 2024 году завялі крымінальную справу. Паводле вэрсіі сьледзтва, 29-гадовы грамадзянін суседняй дзяржавы ў студзені 2024 году з мэтай ажыцьцяўленьня працоўнай дзейнасьці прыбыў на тэрыторыю Рэспублікі Дагестан на завод па вытворчасьці цэглы, разьмешчаны ў Карабудахкенцкім раёне рэспублікі. Кіраўніцтва заводу пад выглядам афармленьня працоўнай дамовы і часовай рэгістрацыі па месцы знаходжаньня забралі ў апошняга пашпарт, пасьля чаго выкарыстоўвалі працу пацярпелага», — цытуе выданьне паведамленьне Сьледчага камітэту Расеі ў Дагестане.
Цяпер сьледчыя правяраюць наяўнасьць фактаў іншых аналягічных злачынстваў, учыненых кіраўніцтвам заводу, праводзяць допыты сьведкаў.
Выданьне нагадала, што раней валянтэры вызвалілі з рабства на гэтым заводзе беларуса.
Актывістка руху «Альтернатива» Эльвіра Магамедава расказала, як, рызыкуючы сваім жыцьцём, змагла перахапіць пацярпелага. Шасьцёра мужчын, якія ўтрымлівалі на цагельным заводзе побач з Касьпійскам грамадзяніна Беларусі, перасьледавалі яе і білі па шыбах машыны.
Беларус прадставіўся Дзьмітрам зь Менску. Ён расказаў, што яму на Яраслаўскім вакзале прапанавалі працу на складзе, але ў выніку прывезьлі на цагельны завод. Там у яго забралі пашпарт і сказалі, што купілі яго за 35 тысяч расейскіх рублёў (прыблізна 400 даляраў). Ён нібыта мусіў адпрацаваць тры месяцы, і тады яму абяцалі вярнуць дакумэнты.
Пазьней стала вядома, што кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін узяў пад кантроль сытуацыю з рабствам на цагельным заводзе ў Дагестане.