Пра сьмерць паведаміла яго сястра Залія Ахмадзеева, перадае «Настоящее время».
Інфармацыя пра сьмерць Даўтава 26 студзеня зьявілася ў тэлеграм-каналах, прысьвечаных пратэстам, зьвязаным з прысудам актывісту Фаілю Алсынаву. У гэты дзень Ахмадзеева паведаміла, што яе запрасілі ў морг на апазнаньне цела брата. Бацькам Даўтава сказалі, што ён знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня і ў яго спынілася сэрца.
Ахмадзеева кажа, што яе брат не пʼе. У выніку 26 студзеня жанчыну не пусьцілі ў морг — яна змагла апазнаць цела толькі на наступны дзень. Прычыну сьмерці ёй не назвалі.
Пра абставіны выкраданьня Даўтава вядома са слоў яго блізкіх. Паводле іх, 25 студзеня ён прыехаў у вёску Новыя Чабянкі да сваёй дзяўчыны. Там яго затрымалі і павезьлі ў невядомым кірунку. Ахмадзеева таксама паведаміла, што да гэтага Даўтава выклікалі ў аддзел паліцыі, дзе «выпісалі паперу як дэбашыру» за пратэсты. Аднак, паводле слоў жанчыны, у мітынгу яе брат не ўдзельнічаў, а сышоў за 15–20 хвілін да яго пачатку.
Раней таксама стала вядома, што сілавікі зьбілі яшчэ аднаго фігуранта спраў аб масавых беспарадках — Дзіму Даўлеткільдзіна. Пра гэта расказалі ягоныя сваякі. У расейскай Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў сьцьвярджаюць, што актывіст прыехаў у СІЗА ўжо з траўмамі. На момант публікацыі гэтай навіны Даўлеткільдзін знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы з пашкоджаньнем хрыбетніка.
- Башкірскага актывіста Фаіля Алсынава 17 студзеня асудзілі на 4 гады зьняволеньня. Яго вінавацілі ва ўзбуджэньні нянавісьці ці варожасьці. Ён віны ня прызнаў. Раней Алсынаў узначальваў арганізацыю «Башкорт», якую ў 2020 годзе расейскія ўлады прызналі экстрэмісцкай, забараніўшы яе дзейнасьць на тэрыторыі краіны.
- У 2018 годзе гару Куштаў перадалі для здабычы вапны Башкірскай содавай кампаніі, супраць гэтага рашэньня пачалі выступаць мясцовыя жыхары. Пасьля акцыяў шматлікіх актывістаў, якія выступалі ў абарону Куштау, прыцягвалі да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.