Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому кіраўніку данецкіх сэпаратыстаў Гіркіну ў Расеі прысудзілі 4 гады калёніі за «экстрэмізм»


Ігар Гіркін у судзе. Архіўнае фота
Ігар Гіркін у судзе. Архіўнае фота

У лістападзе 2022 года суд у Гаазе прызнаў Ігара Гіркіна (псэўданім Стралкоў) вінаватым у зьнішчэньні малайзійскага Боінга MH17 над Данбасам у 2014 годзе. Тады лідэра сэпаратыстаў прыгаварылі да пажыцьцёвага зьняволеньня, аднак Расея адмовілася выдаваць яго Нідэрляндам.

Маскоўскі гарадзкі суд пакараў былога лідэра сэпаратыстаў у вайне на Данбасе ў 2014 годзе Ігара Гіркіна 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму паводле артыкулу аб закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ў інтэрнэце (частка 2 артыкула 280 КК РФ). Пра гэта паведамляе «Медиазона» са спасылкай на карэспандэнта ў залі суду.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме — у жніўні 2023 году сьледзтва засакрэціла крымінальную справу супраць Ігара Гіркіна.

Як пісала «Медиазона» 18 студзеня, прыставы ў Масгарсудзе не прапусьцілі журналістаў ў судовую залю, абгрунтаваўшы гэта тым, што справа сакрэтная.

  • Гіркіна затрымалі 21 ліпеня. Справа супраць яго завялі за два пасты ў яго тэлеграм-канале ад 25 траўня 2023 году. У іх ён разважаў аб Крыме і нявыплатах грашовага забесьпячэньня расейскім мабілізаваным. Экспэрты Інстытуту крыміналістыкі ФСБ знайшлі ў гэтых публікацыях заклікі да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці. Абвінавачаньне запрошвала для яго 4 гады і 11 месяцаў калёніі.
  • Гіркін — былы супрацоўнік расейскіх спэцслужбаў, які атрымаў вядомасьць як камандзір атрада расейцаў, якія захапілі ў красавіку 2014 году горад Славянск у Данецкай вобласьці Ўкраіны. Потым ён быў «міністрам абароны» так званай «ДНР».
  • У лістападзе 2022 году суд у Гаазе прызнаў Гіркіна і яшчэ траіх чалавек вінаватымі ў зьнішчэньні малайзійскага Боінга MH17 над Данбасам у 2014 годзе і забойстве 298 пасажыраў. Самалёт зьбілі сэпаратысты з ЗРК «Бук», якая належала расейскаму войску, а Гіркін і іншыя ўдзельнікі гэтай апэрацыі падчас яе кантактавалі з куратарамі ў арміі і расейскіх спэцслужбах. Гіркіна прыгаварылі да пажыцьцёвага зьняволеньня, аднак Расея адмовілася выдаваць яго Нідэрляндам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG