Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новым міністрам аховы здароўя экс-кіраўніка «Навінак» і даручыў яму «разабрацца з клянавасьцю»


Міністар здароўя Аляксандар Хаджаеў
Міністар здароўя Аляксандар Хаджаеў

Лукашэнка зьняў Піневіча з пасады міністра аховы здароўя Беларусі і прызначыў новым міністрам экс-кіраўніка РНПЦ у Навінках Аляксандра Хаджаева.

25 студзеня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра аховы здароўя Беларусі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Ім стаў Аляксандар Хаджаеў.

Да гэтага прызначэньня Аляксандар Хаджаеў узначальваў РНПЦ псыхічнага здароўя, а раней працаваў у галоўным упраўленьні арганізацыі мэдыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Што тычыцца папярэдняга міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, Лукашэнка дадаў, што яго «адпускаць „на пакой“ ніхто не зьбіраецца». Якую пасаду зойме Піневіч, пакуль не паведамляецца.

Падчас прызначэньня Аляксандар Лукашэнка даручыў новаму міністру Аляксандру Хаджаеву «разабрацца з кланавасьцю ў Міністэрстве аховы здароўя», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

«У Міністэрстве аховы здароўя ў нас там і сямейныя дынастыі так званыя, і кланы, і іншае. Чаго толькі не хапае. Гэтага не павінна быць. Я вельмі разьлічваю, што вы пакладзяце канец гэтаму», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Хаджаеў «адданы справе чалавек» і ён не павінен «глядзець кудысьці там на суседнюю краіну, як бы хутчэй уцячы», і падкрэсьліў, што з гэтым у Беларусі таксама «пачалі разьбірацца».

«А то ў нас некаторыя зьбеглыя на Захадзе сядзяць, а тут сваячкі і іншыя робяць тое, што рабілі раней. Толькі цішком. Мы гэта бачым і прымаем меры супрацьдзеяньня», — дадаў Лукашэнка.

Аляксандар Хаджаеў мае навуковую ступень кандыдата мэдыцынскіх навук, ягоная спэцыялізацыя — наркалёгія. У 2004 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны мэдунівэрсытэт. Чатыры гады адпрацаваў лекарам-стажорам па спэцыяльнасьці «паталягічная анатомія», патолягаанатамам у паталягаанатамічным аддзяленьні РНПЦ імя Аляксандрава. Потым адвучыўся ў асьпірантуры Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі па спэцыяльнасці «псыхіятрыя». З 2011 па 2018 год быў вядучым лябарантам, асыстэнтам, дацэнтам катэдры псыхатэрапіі і мэдыцынскай псыхалёгіі БелМАПА.

56-гадовы Дзьмітры Піневіч быў прызначаны міністрам аховы здароўя Беларусі 27 лістапада 2020 году. Пры ім у Беларусі адбыліся маштабныя рэпрэсіі супраць мэдыкаў, якія выказваліся супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама масавы адток мэдыкаў за мяжу. Пры Піневічы сыстэма аховы здароўя пачала функцыянаваць у атмасфэры санкцый Захаду, што прывяло да пэўных праблемаў з пастаўкамі замежных лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG