Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны камітэт праверыў 350 тысяч пасылак і знайшоў «тавары з прыкметамі зброі і боепрыпасаў»


Мова найперш ідзе пра дроны і іншыя лятальныя апараты, авіямадэлі.

На працягу трох тыдняў пасьля ўступленьня ў сілу пастановы ўраду ад 28 сьнежня 2023 году «Аб пытаньнях увозу і перадачы на захоўваньне цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў і авіямадэляў» у паштовых адпраўленьнях, якія ішлі на адрас фізычных асоб з тэрыторыі дзяржаў ЭАЭС, выяўленыя «тавары, якія маюць прыкметы зброі, боепрыпасаў, а таксама апаратура вайсковага прызначэньня». Пра гэта паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт па выніках нарады 23 студзеня.

Камітэт адзначыў, што сярэдні час праверкі аднаго аўтамабіля на прадмет выяўленьня названых тавараў складае 4 гадзіны, усяго за тры тыдні дасьледавана больш за 350 тысяч паштовых пасылак.

Гэтую пастанову прынялі ў парадку выкананьня падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам 25 верасьня 2023 году ўказу «Аб дзяржаўным уліку і эксплюатацыі цывільных бесьпілётных лятальных апаратаў». Дакумэнт, сярод іншага, забараняе фізычным асобам увозіць, захоўваць, ажыцьцяўляць абарот, эксплюатаваць і вырабляць цывільныя бесьпілётныя лятальныя апараты.

На працягу паўгода з моманту апублікаваньня ўказу фізычныя асобы могуць прадаць свае бесьпілётнікі арганізацыям, індывідуальным прадпрымальнікам альбо перадаць іх на захоўваньне «ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам».

13 сьнежня 2023 году Беларускі Чырвоны Крыж заявіў пра гатоўнасьць «прыняць ад насельніцтва ў якасьці ахвяраваньня» бесьпілётнікі «для іх далейшай эксплюатацыі пры рэагаваньні на надзвычайныя сытуацыі».

  • У выніку атакі дрона 26 лютага 2023 году на аэрадроме ў Мачулішчах у Менскім раёне атрымаў пашкоджаньні і быў адпраўлены на рамонт у Расею дарагі расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.
  • 7 сакавіка 2023 году, тлумачачы прычыны таго, што адбылося, Лукашэнка заявіў, што сыстэмы СПА не змаглі выявіць робат з выбухоўкай, бо ён быў «малы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG