Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні і ператрусы ў экс-палітвязьняў і іх сваякоў: пад перасьлед трапілі больш за 80 чалавек, сярод іх Марына Адамовіч і Барыс Хамайда

абноўлена

Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» 23 студзеня паведаміў пра масавыя затрыманьні сваякоў палітвязьняў і былых палітзьняволеных, якія выйшлі на волю, але заставаліся ў Беларусі.

Паводле інфармацыі на 21:28 па менскім часе праваабаронцам вядомыя прозьвішчы як мінімум 84 чалавек, у якіх сёньня зладзілі ператрус ці каго затрымалі. Вядома, што прыходзілі да людзей па ўсёй Беларусі. У некаторых выпадках затрымлівалі цэлымі сем'ямі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Віцебску затрымалі 76-гадовага Барыса Хамайду. Таксама паведамляецца, што затрымалі жонку палітвязьня Міколы Статкевіча Марыну Адамовіч. У маці актывісткі Марыны Касінеравай супрацоўнікі мясцовага КДБ 10 гадзін праводзілі ператрус і аказвалі псыхалягічны ціск, каб атрымаць неабходную ім інфармацыю.

У пастановах сілавікоў, якія 23 студзеня масава прыходзяць да сваякоў палітвязьняў і былых палітзьняволеных, фігуруюць артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкіх фармаваньняў» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваньнях».

Некаторым людзям, паводле «Вясны», супрацоўнікі КДБ казалі, што затрыманьні і ператрусы зьвязаныя з праектам «INeedHelpBY», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Праваабаронцы раяць людзям, якіх патэнцыйна ў гэты час могуць наведаць супрацоўнікі КДБ, паклапаціцца пра бясьпеку, «асабліва пачысьціць перапіскі, якія могуць зацікавіць сілавікоў».

Як стала вядома Свабодзе, каля 6-7 раніцы да Аляксея Раманава прыйшлі супрацоўнікі сілавых структураў і правялі ператрус. Затым Аляксея забралі на допыт у КДБ. Свабодзе вядома, што гэта не адзінае затрыманьне ў Гомлі. Прыйшлі таксама да некаторых сваякоў палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG