Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вашу гісторыю ня верым». Актыўнай удзельніцы пратэстаў у Беларусі адмовілі ў прытулку ў Нямеччыне


Аксана Ліхадзіеўская на акцыі салідарнасьці ў Варшаве, архіўнае фота
Аксана Ліхадзіеўская на акцыі салідарнасьці ў Варшаве, архіўнае фота

Аксана Ліхадзіеўская актыўна ўдзельнічала ў пратэстах 2020 году ў Беларусі. Праз рэпрэсіі і ціск мусіла ўцякаць у Нямеччыну, дзе цяпер атрымала адмову ў прытулку. Расказваем яе гісторыю

Аксана Ліхадзіеўская мае вышэйшую адукацыю. У Беларусі каля 15 гадоў працавала бухгальтарам-эканамістам. Займалася фатаграфаваньнем. Муж — інжынэр. Дзеці падчас пратэстаў 2020 году былі непаўналетнімі.

Увосень 2020-га Аксана брала актыўны ўдзел у пратэстах і акцыях у Гомлі. Яе затрымлівала міліцыя, дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Жанчына перажыла арышт, вобшукі і пагрозы паставіць дзяцей у «сацыяльна-небясьпечнае становішча».

Адна з акцый, у якіх удзельнічала Аксана, — «Беларускі пачакун». Яны зь сяброўкай зрабілі ляльку, падобную да Лукашэнкі, назвалі яе «Пачакуном» і ладзілі зь лялькай здымкі ў Гомлі.

У сьнежні 2020 году Аксана зноў трапіла ў міліцыю. Кажа, што там яе каля пяці гадзін дапытвалі супрацоўнікі КДБ. «Выпытвалі — хто ў нас каардынатар, хто нам заплаціў. Якія каардынатары? Мы ўсе былі самі па сабе. Яны хацелі на мяне ўсе акцыі ў нашым раёне павесіць», — узгадвае Аксана.

Пасьля таго допыту яна сабрала рэчы, каб выехаць за мяжу, бо ўся тэхніка засталася ў міліцыі. «Там шмат чаго можна было знайсьці „цікавага“, каб мяне пасадзіць», — кажа беларуска.

На той момант яна мела нямецкую пяцігадовую візу. У Нямеччыне ў Аксаны сваякі, да якіх яна часта езьдзіла. Спачатку жанчына прыехала зь дзецьмі ў Польшчу, прасіла там абароны. Але празь нямецкую візу яе адправілі ў Нямеччыну.

«Я апынулася за мяжой, таму што на момант зімы 2020 году нашым міліцыянтам было вельмі выгадна выштурхнуць актывістаў за мяжу. Цяпер немцы пытаюцца ў мяне: „Як вас адпусьцілі, як вас прапусьцілі празь мяжу, як вам далі выехаць?“. І на гэтай падставе мне адмовілі ў прытулку, у дазволе на жыхарства», — сьцьвярджае Аксана.

Немцы не паверылі, лічаць, што ў Беларусі бясьпечна

Цяпер дачцэ Аксаны ўжо 18 гадоў, яна паступіла вучыцца ў ВНУ. Сыну — 11, ён ходзіць у школу. «Дзеці вучаць мову, інтэграваліся ў грамадзтва. Мы з мужам працуем. Я ў касмэтычнай сфэры, ён — на будоўлі. Плацім падаткі, не сядзім на фінансавай дапамозе, вучым мову», — кажа Аксана.

Больш за два гады яны чакалі адказу на просьбу аб прытулку ў Нямеччыне ці дазволе на жыхарства. Урэшце атрымалі ад міграцыйнай службы нэгатыўны адказ: 30 дзён, каб забраць дакумэнты і вярнуцца ў Беларусь або «трэція краіны» І забарона на ўезд у краіны Эўразьвязу на 60 месяцаў, то бок 5 гадоў.

«У мяне было сумоўе. Я казала ўсю праўду. Тым больш я маю дакумэнты — даведку з ІЧУ, пастанову суду, акт вобшуку. Мне сказаў спэцыяліст, што „дакумэнты — гэта добра, але ў гісторыю мы ня верым“. Бо не паверылі, што я так проста выехала за мяжу, сумняваліся, што ў мяне сорак хвілін міліцыя стаяла пад дзьвярыма, не разумелі — чаму да мяне прыходзілі супрацоўнікі па барацьбе з наркотыкамі і АМАП», — кажа беларуска.

Вярнуцца ў Беларусь яна ня можа. Апроч актыўнасьці ў Гомлі, «засьвяцілася» на акцыях салідарнасьці ў Польшчы і Нямеччыне.

Як відаць з дакумэнтаў, дасланых Аксанаю ў рэдакцыю Свабоды, адной з прычынаў адмовы стала тое, што ў Беларусі не існуе збройнага канфлікту, для сям’і няма эканамічных пагрозаў. Рашэньне BAMF (міграцыйнай службы Нямеччыны) Аксана будзе абскарджваць.

Сьвятлана Ціханоўская і Аксана Ліхадзіеўская падчас акцыі салідарнасьці ў Нямеччыне, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і Аксана Ліхадзіеўская падчас акцыі салідарнасьці ў Нямеччыне, архіўнае фота

Падаць у суд на Нямеччыну

Адвакат, кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч у камэнтары Свабодзе зазначыў, што рашэньне па Аксане Ліхадзіеўскай можна абскардзіць у судзе ў Нямеччыне і зьвярнуцца ў міжнародныя структуры.

Па словах Міхалевіча, у эўрапейскіх краінах ісьці ў суд супраць дзяржаўных органаў — гэта норма.

«Да якой беларусы не прывучаныя. Бо сярод беларусаў распаўсюджана думка, што калі ты пойдзеш у суд супраць дзяржаўных органаў — то яны цябе будуць ненавідзець і чыніць табе перашкоды. Але насамрэч нічога дрэннага, заганнага ў тым, каб ісьці ў суд, у краінах Эўропы няма», — кажа Алесь Міхалевіч.

Ён дадае, што калі беларусцы патэнцыйна пагражае дэпартацыя ў краіну (Беларусь. — РС), дзе яе могуць пасадзіць у турму, катаваць, то ёсьць міжнародныя прававыя мэханізмы — Эўрапейскі суд па правах чалавека і Камітэт па правах чалавека ААН. Гэтыя структуры могуць прыпыніць дэпартацыю.

Беларусы ня могуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека супраць дзяржавы Беларусі, бо яна не падпісала Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека, але супраць Нямеччыны — могуць.

Юрыст нагадаў, што падобныя рашэньні па беларусах, калі не даюць прытулку, — не адзінкавыя. Такія выпадкі былі ў Швэцыі.

«Гэта праблема ў тым ліку беларускай праваабарончай супольнасьці — занадта мала інфармацыі аб „краіне паходжаньня“, то бок Беларусі. Што ў ёй насамрэч адбываецца, якія рэчы праўдападобныя. Бо нізавы чыноўнік, які прымае рашэньне, можа, мала што ведае пра Беларусь, або часам прымае такое рашэньне „на вока“. І чым больш будзе падрабязнай, разнастайнай інфармацыі пра Беларусь у розных органаў — тым лепш», — мяркуе Алесь Міхалевіч.

Свабода зьвярнулася ў Міграцыйную службу Нямеччыны з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю Аксаны Ліхадзіеўскай, а таксама іншых беларусаў, якім адмовілі ў прытулку ўлады гэтай краіны. Адказ, калі прыйдзе, будзе апублікаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG